Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр пачынальнік беларускага забаўляльнага бізнэсу Юры Данькоў. У яго быў каранавірус


Юры Данькоў, архіўнае фота
Юры Данькоў, архіўнае фота

Ад каранавірусу памёр Юры Данькоў, бізнэсовец, уладальнік аднаго зь першых і найбуйнейшых у Беларусі забаўляльных цэнтраў Dankoff Club. Пазалетась ён выйшаў на волю, адседзеўшы 7 гадоў у калёніі за эканамічныя злачынствы.

Пра сьмерць прадпрымальніка ў ягоных сацсетках паведамілі сябры і знаёмыя.

Юры Данькоў нарадзіўся ў Менску ў 1963 годзе. Скончыў Інстытут народнай гаспадаркі па спэцыяльнасьці «Фінансы і крэдыт», потым — Беларускі інстытут правазнаўства па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

Прадпрымальніцкай дзейнасьцю пачаў займацца яшчэ за савецкім часам з пачаткам перабудовы, заснаваўшы каапэратыў «Дружба». З 1992-га — уладальнік Dankoff Club, вакол якога віравала начное жыцьцё Менску.

У 2001 годзе Юры Данькоў балятаваўся прэтэндэнтам у прэзыдэнты Беларусі, але не сабраў неабходнай колькасьці галасоў. У гэты ж пэрыяд — цягам 1999-2003 гадоў — быў дэпутатам Менскага гарсавету. Ён бацька чатырох дзяцей.

У 2012-м бізнэсоўца асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі. У справе фігуравалі артыкулы аб ухіленьні ад аплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры, службовай падробцы, вырабе ці збыце падробленых дакумэнтаў, саўдзеле ў фальсыфікацыі доказаў у грамадзянскай ці гаспадарчай справе, стварэньні ўмоваў для заняткаў прастытуцыяй, удзеле ў занятках прастытуцыяй, вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў ці прадметаў парнаграфічнага характару.

Суд апраўдаў яго толькі паводле аднаго з пунктаў абвінавачаньня — не знайшлося ягонай віны ў распаўсюдзе парнаграфіі. Па астатніх вынесьлі жорсткі прысуд.

Сваёй віны Юры Данькоў не прызнаў. Ён адсядзеў 7 гадоў, параўноўваючы турэмныя ўмовы з ГУЛАГам. Пасьля выхаду на волю вёў закрыты лад жыцьця, з журналістамі і былымі калегамі не кантактаваў. Хоць мог у любы момант зьехаць зь Беларусі, казаў, што такі варыянт не для яго.

Юры Данькоў выказваўся пра палітычную сыстэму і перашкоды для бізнэсу ў Беларусі. Гэта адзін зь нямногіх прадпрымальнікаў, які дазваляў сабе вострыя выпады ў адрас дзяржаўных структураў. Вось што ён казаў незадоўга да арышту ў інтэрвію Радыё Свабода пра падмену паняцьцяў адносна гульнявога бізнэсу:

«Мы супаставілі, колькі людзей у Беларусі былі ў казіно ці ўвогуле гулялі. Дзесьці 16% ад дарослага насельніцтва. Пра што гэта сьведчыць? Што ў нас нібыта ёсьць гульнявая індустрыя? Няма! Уявіце: за два дзясяткі гадоў ад 10 мільёнаў беларусаў 10–15% сталі на эўрапейскі ўзровень. Тыя, якіх яшчэ не перасаджалі. Грошы маюць, дамы пабудавалі. Уздыхнулі, як перабудова пачалася, круціліся, у каго як атрымлівалася. Той працэнт, пра які я гаварыў, паказаў, што пэўная частка насельніцтва і скарысталася б выгодамі сваёй эўрапейскасьці, але ж хто ім дасьць? Гэта пры тым, што з другога боку на ўсю моц лупяць рэкляму пра лятарэі і гэта лічыцца абсалютна нармальным. А казіно — не нармальна. Людзі ж таксама купляюць на ўвесь заробак лятарэйныя білеты, але пра гэта не гавораць».

У канцы 1980-х і на пачатку 1990-х бізнэсовец насіў прозьвішча Шыцік. Тое, чаму ў назьве клюбу зьявіўся Данькоў, у кулюарах суду журналістам растлумачыў ягоны бацька Пятро. Па яго словах, іх кроўнае прозьвішча — Даньковы. Але ў 1930-х Юравага дзеда і дзядзькоў раскулачылі і саслалі на Поўнач, а да бабулі прыйшоў мужчына з прозьвішчам Шыцік.

З пачаткам вайны айчым Пятра пайшоў у партызаны, за што на сям’ю сталі ціснуць паліцаі. Тады яны зьехалі ў савецкі тыл, дзе ўсіх запісалі Шыцікамі. А ўжо пазьней сям’я вярнулася да сапраўднага прозьвішча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG