Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адключэньне ўкраінскай энэргасыстэмы ад беларускай: якія рызыкі для памежжа і пры чым тут украінскі мільярдэр


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Украінская энэргетычная сыстэма з 2023 году выйдзе з агульнай энэргетычнай прасторы Беларусі і Расеі.

У наступным годзе ў лютым і ліпені, калі спэцыялісты фіксуюць пікавае спажываньне электраэнэргіі і, адпаведна, найбольшую нагрузку на сеткі, Украіна правядзе экспэрымэнты — як зможа працаваць яе сыстэма ў адасобленым ад Беларусі і Расеі рэжыме.

Але і Беларусь мусіць рыхтавацца да адлучэньня ўкраінскай энэргасыстэмы ад беларускай і расейскай. Чаму гэта важна?

Як памежжа забясьпечваюць энэргіяй

Цяпер асноўныя крыніцы энэргіі для памежных населеных пунктаў Беларусі і Ўкраіны — чатыры лініі электраперадач:

  • ЛЭП-110 кВ Дабранка — Церахаўка
  • ЛЭП-110 кВ Славуціч — Камарын
  • ЛЭП-35 кВ Картэлісы — Макраны
  • ЛЭП-0,4 кВ Кашары — Рыцец

Усе гэтыя населеныя пункты Беларусі і Ўкраіны называюць «тупіковай зонай», бо яны ня маюць дастатковага аб’ёму вытворчых магутнасьцяў, каб забясьпечыць электраэнэргіяй канцавых спажыўцоў.

Такім чынам, беларускія Церахаўка, Камарын, Макраны і Рыцец забясьпечваюцца электраэнэргіяй з Украіны, але для гэтага між дзяржавамі арганізаваныя так званыя тэхнічныя ператокі — беларуская энэргія паступае ва Ўкраіну, а з Украіны ўжо ў беларускія паселішчы. Пасьля таго як гэтыя лініі будуць заблякаваныя, Беларусь мусіць арганізаваць пастаўку электраэнэргіі на сваё памежжа зь беларускай энэргасыстэмы.

Гэтыя тэхнічныя ператокі не залічваюцца ў гандаль электраэнэргіяй.

Лініі электраперадач не абрэжуць

Як паведамілі Свабодзе ў Нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго» (гэта апэратар Аб’яднанай энэргасыстэмы Ўкраіны), чатыры дзейныя цяпер міждзяржаўныя лініі электраперадач застануцца ў працы як да моманту сынхранізацыі ўкраінскай энэргасыстэмы з эўрапейскай, так і пасьля гэтага.

«Пры нармальнай схеме працы Аб’яднанай энэргетычнай сыстэмы Ўкраіны ўсе спажыўцы „тупіковых зонаў“ на ўкраінскай тэрыторыі будуць забясьпечвацца электраэнэргіяй праз унутраныя сеткі Ўкраіны. Таму пасьля сынхранізацыі няма вострай неабходнасьці ў функцыянаваньні гэтых міждзяржаўных ліній электраперадач», — патлумачылі ў кампаніі.

Разам з тым спэцыялісты «Укренерго» не выключаюць, што пры патрэбе дзейнасьць гэтых ЛЭП патэнцыйна магчымая і пасьля сынхранізацыі. «Але выключна для забесьпячэньня памежных населеных пунктаў. Таму, калі пасьля сынхранізацыі з энэргасыстэмай кантынэнтальнай Эўропы па гэтых лініях і будуць праходзіць міждзяржаўныя абмены электраэнэргіяй, то гэты аб’ём будзе надзвычай малы», — падкрэсьлілі ў кампаніі.

Хто цяпер забясьпечвае памежжа энэргіяй

Тэарэтычна, згодна з законам Украіны аб рынку электрычнай энэргіі, арганізацыяй такіх міждзяржаўных ператокаў можа займацца любая зарэгістраваная ва Ўкраіне кампанія, якая атрымала ліцэнзію на гандаль электраэнэргіяй і яе пастаўку.

«Ва Ўкраіне пастаўшчык электраэнэргіі ў „тупіковыя зоны“ вызначаецца выключна на рынкавых умовах», — падкрэсьлілі ў кампаніі «Укренерго».

Але, як стала вядома Свабодзе, цяперашні пастаўшчык быў вызначаны па ўзаемнай прапанове кампаній «Укренерго» і «Белэнэрга». Ім стала кампанія «Д.ТРЕЙДІНГ», якая належыць вядомаму данецкаму мільярдэру Рынату Ахметаву. Кампанія была зарэгістраваная ў 2019 годзе для гандлю электраэнэргіяй пасьля адкрыцьця энэргетычнага рынку (ён быў адкрыты 1 ліпеня 2019-га).

Летась канкурэнты Ахметава западозрылі ягоную кампанію ў тым, што, ажыцьцяўляючы такі ператок, яна набывала электраэнэргію ў «Белэнэрга» і прадавала яе ў Аб’яднаную энэргетычную сыстэму Ўкраіны, падштурхоўваючы да павелічэньня цаны на ўнутраным украінскім рынку.

Нацыянальная камісія Ўкраіны, якая ажыцьцяўляе дзяржаўнае рэгуляваньне ў сфэры энэргетыкі, вымушаная была правесьці праверку, па выніках якой кампанію Ахметава аштрафавалі на 85 тысячаў грыўняў (3200 даляраў у эквіваленце) за маніпуляцыі на рынку — штучнае стварэньне попыту на электраэнэргію, што выклікала павелічэньне цаны. Але зь цягам часу суд прызнаў гэтае рашэньне незаконным і пастанавіў вярнуць кампаніі ўкраінскага мільярдэра сплачаны штраф.

А вось Беларусь, дакладней — кампанія «Белэнэрга», у чэрвені 2020-га накіравала ў «Д.ТРЕЙДІНГ» ліст-падзяку за забесьпячэньне электраэнэргіяй памежных раёнаў Беларусі.

Як будзе выглядаць новая схема энэргазабесьпячэньня памежжа

У кампаніі «Укренерго» паведамілі, што пасьля адключэньня ад беларускай энэргасыстэмы памежныя ўкраінскія населеныя пункты будуць забясьпечвацца электраэнэргіяй выключна праз украінскія сеткі і ўкраінскія кампаніі — «Волиньобленерго», «Рівнеобленерго», «Житомиробленерго», «Київобленерго» та «Чернігівобленерго».

Забясьпечваць беларускія паселішчы, адпаведна, мусяць рэгіянальныя энэргетычныя арганізацыі Беларусі — «Гомельэнэрга» і «Брэстэнэрга». Але на афіцыйных сайтах кампаніі «Белэнэрга» і Міністэрства энэргетыкі Беларусі няма інфармацыі аб стварэньні адпаведнай інфраструктуры і аб падрыхтоўцы да працы на памежжы ў новых умовах.

Улічваючы ж, што магчымасьць працы дзейных ліній электраперадач захоўваецца і пасьля далучэньня Ўкраіны да эўрапейскай энэргасыстэмы, Украіна і Беларусь могуць на ўзаемнай аснове паспрабаваць дамовіцца аб забесьпячэньні энэргіяй беларускага і ўкраінскага памежжа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG