Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна зрабіла ўсе тэхнічныя крокі для адключэньня ад энэргасыстэм Беларусі і Расеі


Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што ўжо ў зімовы пэрыяд 2021/2022 году ўкраінская энэргасыстэма будзе працаваць асобна ад энэргасыстэм Беларусі і Расеі.

«Мы завяршылі ўсе тэхнічныя пытаньні і плянуем гэтай зімой адпрацаваць у адасобленым рэжыме. Наша мэта — гэта адключэньне ад энэргасыстэм Беларусі і Расеі і сынхранізацыя з эўрапейскай энэргетычнай сеткай у 2023 годзе», — заявіў Дзяніс Шмыгаль у часе сустрэчы з прэм’ер-міністрам Славеніі Янэзам Яншам.

У жніўні на сустрэчы з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель украінскі прэм’ер падкрэсьліў, што краіна цьвёрда прытрымліваецца ўсіх узятых абавязаньняў у інтэграцыі сваёй энэргасыстэмы ў эўрапейскую сетку ENTSO-E, і гэта дазволіць умацаваць рэальную энэргетычную незалежнасьць Украіны.

Як энэргасыстэмы Беларусі, Украіны і Расеі суіснуюць цяпер

У 2010 годзе Беларусь, Расея і Ўкраіна падпісалі трохбаковае тэхнічнае пагадненьне аб забесьпячэньні паралельнай працы энэргасыстэм трох краін. Яно прадугледжвала ўзгадненьне дзеяньняў у перадачы электрычнай энэргіі і эксплуюатацыі міждзяржаўных ліній электраперадач. Такая супраца дазваляла павялічваць магчымасьці рэзэрваваньня магутнасьцяў на выпадак аварый і адключэньняў у пэўных рэгіёнах.

У рамках гэтага пагадненьня Беларусь і Ўкраіна кожны год, прынамсі на двухбаковым узроўні, падпісвалі адпаведныя тэхнічныя пагадненьні на выпадак неабходнасьці энэргапаставак у надзвычайных ці аварыйных сытуацыях.

І сёлета, у асеньне-зімні пэрыяд 2020/2021 году, абедзьве краіны ўпершыню вымушаныя былі скарыстацца такой узаемнай дапамогай. Беларусь — у студзені, калі аварыйна адключыўся першы блёк Беларускай АЭС, а Ўкраіна — у студзені і лютым, калі трэба было збалянсаваць энэргетычны рынак у сувязі з дэфіцытам вугалю і павелічэньнем аб’емаў спажываньня электраэнэргіі.

Што будзе пасьля сынхранізацыі сыстэм Украіны і Эўропы

Беларусь неаднойчы заяўляла, што разглядае Ўкраіну як адзін з найбольшых рынкаў для рэалізацыі беларускай атамнай электраэнэргіі. Патэнцыял украінскага спажываньня электраэнэргіі зь Беларусі ацэньваўся ў 25% ад усяго аб’ёму вытворчасьці першага блёку Астравецкай станцыі. І пасьля яе запуску Беларусь дынамічна нарошчвала свае пастаўкі ва Ўкраіну.

Адначасова з гэтым апанэнты ўлады Ўкраіны ўзмацнялі сваю крытыку за энэргетычны гандаль зь Беларусьсю, і асабліва за закупку энэргіі з станцыі, якая будавалася за кошт расейскіх крэдытаў і з расейскімі тэхналёгіямі. Двойчы гэтая крытыка прыводзіла да забароны закупляць беларускую электраэнэргію. Але адпаведная заканадаўчая норма пакуль ня стала канстантай — яна набывае моц увесну, але страчвае яе напярэдадні ацяпляльных сэзонаў, калі магчымы дэфіцыт вугалю можна кампэнсаваць толькі электраэнэргіяй.

У заканадаўстве Ўкраіны не канкрэтызуецца, што забарона тычыцца менавіта Расеі ці Беларусі. Дзяржавы, зь якіх нельга набываць электраэнэргію, вызначаныя як краіны, якія «не зьяўляюцца чальцамі (або бокам) Эўрапейскага Зьвязу ці Энэргетычнай супольнасьці». Але пасьля завяршэньня сынхранізацыі ўкраінскай і эўрапейскай энэргетычных сыстэм, якая мусіць адбыцца ў 2023 годзе, гэтая норма можа набыць статус сталай. Ці будуць зробленыя нейкія выключэньні на пэрыяд аварыйных ці надзвычайных сытуацый, пакуль невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG