Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Дзяніс Івашын моцна схуднеў; Паліну Шарэнду адправілі ў ШЫЗА, Зьміцер Казлоў без падтрымкі, «палітычных» стала 805

абноўлена

Дзяніс Івашын, архіўнае фота
Дзяніс Івашын, архіўнае фота

Праваабаронцы назвалі новых палітвязьняў, а сваякі зьняволенага горадзенскага журналіста Дзяніса Івашына спадзяюцца, што яго нарэшце накіруюць на паглыбленае мэдыцынскае абсьледаваньне.

У Беларусі шэсьць новых палітвязьняў

Праваабаронцы прызналі яшчэ шэсьць палітвязьняў, узятых пад варту на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Усяго з такім статусам у Беларусі ўжо 805 чалавек.

Гэта Дзяніс Ляхар, Аляксей Гамеза, Кірыл Жогалеў, Аляксей Сянькоў, Яўген Кузьмянкоў, Сэржу Сілва да Кастру.

«Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаваньням, акрамя тых, што вызначаныя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадзкай бясьпекі, аховы здароўя і маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асобаў», — адзначаецца ў супольнай заяве праваабарончых арганізацый.

Падпісанты падкрэсьліваюць, што леташнія выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі, якія адбыліся 9 жніўня 2020 году і праходзілі са шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі.

Хвораму журналісту патрэбна абсьледаваньне

Паводле сваякоў Дзяніса Івашына, пасьля карцару ён прыкметна схуднеў, хоць і без таго хударлявай камплекцыі. Акрамя таго, абвастрыліся праблемы з сэрцам.

«Мэдык аглядаў Дзяніса і мае намер зрабіць яшчэ адно ЭКГ-дасьледаваньне і выклікаць кардыёлага з паліклінікі. Калі адміністрацыя вязьніцы не ўмяшаецца ў працэс кантролю за здароўем вязьняў у стылі „ну вы ж усё разумееце“ і не скасуе выклік, то гэта будзе ўжо другі агляд пазатурэмных спэцыялістаў. Спадзяёмся, ён нарэшце прыме рашэньне накіраваць Дзяніса на паглыбленае дасьледаваньне, а не абмяжуецца стандартнымі адпіскамі», — напісала ў Facebook жонка палітвязьня Вольга Івашына.

Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка і выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў). Санкцыя прадугледжвае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Нядаўна стала вядома пра яшчэ адно абвінавачаньне, але якое, ня ведаюць нават родныя.

«Пайшоў ужо восьмы каляндарны месяц ад моманту захопу ў палон нашага Дзяніса. Аніякіх „сьледчых“ дзеяньняў зь ягоным удзелам па-ранейшаму не адбываецца. Яго і тысячы іншых невінаватых людзей рэжым унутранай акупацыі працягвае ўтрымліваць у якасьці закладнікаў у гандлі за скасаваньне санкцыяў і палітычнае прызнаньне легітымнасьці самапрызначэнцаў», — канстатавала Вольга Івашына.

Праваабаронцы прызналі Дзяніса Івашына палітвязьнем. Журналіста трымаюць у турме № 1 Горадні.

Палітзьняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк чацьвёрты раз за 2 месяцы знаходжаньня ў калёніі зьмясьцілі ў ШЫЗА

Пра гэта ў сваім фэйсбук паведаміў муж берасьцейскай актывісткі Андрэй Шарэнда.

Па ягоных словах, Паліна знаходзіцца ў ШЫЗА гомельскай папраўчай калёніі № 4 з мінулага тыдня.

Учора, 13 кастрычніка, Андрэй Шарэнда паведаміў Свабодзе, што да ягонай жонкі не пускаюць адваката. Паліну таксама пазбаўляюць лістоў і перадач, на прыём якіх яна раней пісала заяву.

«Мы 2 тыдні зьбіралі так званую «рэжымную рэчавую перадачу«, якая важыла 35 кг з дазволеных 50. Аднак яна вярнулася з закрэсьленымі адрасамі і паметкай «не паложана«. Пакуль незразумела, што там здарылася, але фактычна Паліну пазбавілі лістоў і перадач. Яна цяпер сядзіць без шматлікіх рэчаў. На двары холадна, ужо зіма хутка, а ў яе няма ні цёплай вопраткі, ні абутку, нічога», – сказаў Андрэй Шарэнда.

Маці двух малалетніх сыноў, актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі на пачатку 2021 году. Вырак ёй агучылі 9 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця.

За гвалт і абразу міліцыянтаў, абразу Аляксандра Лукашэнкі і іншых службоўцаў судзьдзя Яўген Брэган пакараў жанчыну 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яе таксама абавязалі выплаціць 4500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам.

Паліна Шарэнда-Панасюк двойчы адмаўлялася пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Нядаўна стала вядома, што адміністрацыя гомельскай жаночай калёніі, дзе Паліна адбывае пакараньне, паставіла яе на прафіляктычны ўлік як «асобу, схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў».

Блогер Казлоў застаўся безь якой-кольвек падтрымкі

Блогер Зьміцер Казлоў, вядомы пад мянушкай Шэры Кот напісаў з турмы, што застаўся без падтрымкі: у яго няма блізкіх сваякоў. Ніякіх перадач і грашовых пераводаў яму няма.

Ліставаньне з Казловым ускладнена, некаторыя лісты не даходзяць, некаторыя прыходзяць зь вялікім спазьненьнем. Таксама, у выніку адсутнасьці блізкіх родзічаў, у Казлова ў калёніі ня будзе ні званкоў, ні спатканьняў.

Цяпер блогер знаходзіцца ў калёніі ў Бабруйску, яму можна пісаць па адрасе: 213800 Казлоў Дзьмітры Алегавіч, вул.Сікорскага, 1, ПК-2, карантын, г. Бабруйск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG