Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста шосты»: «Моцна зьбілі дзяўчыну, а мужчыну, які яе бараніў, мардасты міліцыянт стукнуў рацыяй па галаве, і той заліўся крывёю»


Мітынгоўцы перад будыгкам тэлецэнтру, 24 сакавіка 1996.
Мітынгоўцы перад будыгкам тэлецэнтру, 24 сакавіка 1996.

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.

Вы можаце атрымаць кнігу ў падарунак, адказаўшы правільна на пытаньні пра падзеі 1996 году.

... Гэта цяпер, калі я пішу гэтую кнігу, можна не глядзець тэлебачаньне і быць у курсе апошніх падзеяў — ёсьць інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы. Спосаб дастаўкі інфармацыі мяняецца з неверагоднай хуткасьцю, і зусім магчыма, што праз некалькі гадоў пасьля выданьня гэтай кнігі малады чытач (спадзяюся, так і будзе) нават не зразумее, што такое той жа тэлеграм-канал — як сучасная моладзь ня надта ведае, што такое пэйджэр ці факс.

Але і ў час інтэрнэту тэлебачаньне застаецца эфэктыўным спосабам прапаганды. А ў 1996 годзе тэлевізар глядзелі ўсе.

Доступу ж да тэлеэфіру ў БНФ не было.

Рашэньне патрабаваць эфірнага часу вось проста цяпер прыйшло спантанна, я ўжо не магу ўзгадаць, хто першы пад час мітынгу агучыў ідэю. Думаю, паўплываў досьвед 1990 году, калі на перадвыбарчым стотысячным мітынгу на плошчы перад Домам ураду прапанавалі ісьці да тэлецэнтру на вуліцы Камуністычнай — тады лідэры БНФ атрымалі эфір, упершыню.

Гэтым разам мітынг прыняў рэзалюцыю выступіць у прамым эфіры Зянону Пазьняку, Генадзю Карпенку, Станіславу Гусаку і аўтару гэтых радкоў. Нашыя ранейшыя звароты да старшыні тэлекампаніі Кісяля і ў адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай прадставіць тэлеэфір апазыцыі, што, дарэчы, прадугледжвалася Законамі аб статусе дэпутата і аб партыях, — выніку ня мелі. На гэты раз прынцыпова важным быў удзел Генадзя Карпенкі, бо як віцэ-сьпікер парлямэнту ён увасабляў заканадаўчую ўладу і меў законныя падставы атрымаць эфір.

Да тэлецэнтру ён не дайшоў, але побач з намі заставаўся дэпутат парлямэнту Павал Знавец. Калі калёна прыблізна ў дзесяць тысячаў чалавек падышла да будынку тэлецэнтру, перад уваходам ужо стаяў ланцуг міліцыянтаў. Калёна яго лёгка рассунула. Патанаючы па калена ў сьнезе, скрозь клюмбу мы прайшлі да прыступак будынку, на якія перамясьціліся і міліцыянты.

Тыя падзеі ніхто не здымаў на смартфоны і не выкладваў у YouTube і сацыяльныя сеткі, бо не было ні сетак ні смартфонаў. Але часам словы дастаткова дакладна перадаюць сутнасьць падзеяў, нават больш дакладна, чым проста рухі, гукі, карцінка.

«На подходе к зданию колонну остановила довольно жидкая цепь милиционеров. После того как делегации митингующих во главе с З. Позняком не было разрешено пройти в здание для переговоров с руководством Гостелерадиокомпании, толпа просто смяла заслон своей массой. Делегацию пропустили, что, с одной стороны, несколько охладило наступательный пыл толпы, а с другой — позволило усилить оцепление за счёт подоспевшего отряда ОМОНа». (БЕЛТА, «Рэспубліка»«, 26 сакавіка 1996 г).

«Мітынгуючыя пры гэтым паводзілі сябе даволі карэктна і стрымана, ня робячы спробаў прарвацца да будынка і не рэагуючы на паводзіны міліцыі. Яны толькі скандзіравалі лёзунгі „Жыве Беларусь!“ і „Далоў Лукашэнку!“. Тым часам улады скарысталі перадышку дзеля таго, каб сьцягнуць да тэлецэнтру дадатковыя сілы». (Андрэй Махоўскі, «Беларуская дзелавая газэта», 28 сакавіка 1996 г.)

Пазьняка і Знаўца прапусьцілі ў будынак на перамовы.

„Всё, я пускаю ребят! Я пускаю в дело!“

Зянон Пазьняк: «У будынку тэлецэнтра было поўна спэцназаўцаў. Такое адчуваньне, што пачынаюцца ваенныя дзеяньні. Усе калідоры, усе пляцоўкі былі забітыя аўтаматчыкамі, людзьмі са шчытамі, бегалі ўзбярошаныя камандзіры. Мы зайшлі з начальнікам менскай міліцыі Тарлецкім і паспрабавалі шукаць начальства. Нікога не было. Тады я стараўся датэлефанавацца да Кісяля, зь вялікімі цяжкасьцямі шукалі тэлефоны, ніхто нічога ня ведаў, усе пахаваліся. Па ўсіх тэлефонах Кісяля (а мне далі тры-чатыры) ніхто нічога не адказваў. Такое ўражаньне, што яны былі папярэджаныя, і ніхто не браў трубку ў гэты час.

І вось тут была цікавая сытуацыя. Я ўвогуле ў такіх варунках паводжу сябе вельмі спакойна, гавару ў паўголаса. Спакойна сябе паводзіў і Тарлецкі, і даволі прыстойна, у той сытуацыі. Але былі людзі, якія рваліся ў канфлікт. Мне запомніўся адзін рыжаваты ўзьярошаны маёр, які кіраваў спэцназам, ён вечна падбягаў да Тарлецкага і павышаным голасам спрабаваў на яго крычаць: „Всё, я пускаю ребят! Я пускаю в дело!“. Тарлецкі яго спрабаваў абсекчы, і тым часам Тарлецкі — гэта начальнік упраўленьня.

І вось калі на калідоры была размова з Тарлецкім, я гаварыў, што паколькі ўсё начальства пахавалася і немагчыма дамовіцца, то, канешне, мы зараз ня будзем „штурмаваць тэлебачаньне“, людзі адыдуць ад тэлебачаньня. І ў гэты час абсалютна беспрычынна падбягае гэты нэрвовы маёр рыжаваты: „Ну всё, я даю указание. Всё, всё, ребята, в дело, пошли, пошли!“. Словам, было зразумела, што ім хацелася пусьціць у справу сілу».

Удзельнікі мітынгу на Дзень волі ля тэлецэнтру, 24 сакавіка 1996
Удзельнікі мітынгу на Дзень волі ля тэлецэнтру, 24 сакавіка 1996

Я ж заставаўся на прыступках, паміж уваходам і міліцэйскім ланцугом. Голас Валянціна Голубева аднекуль з натоўпу — «Сяргей, гавары што-небудзь!» — прымусіў скарыстацца мэгафонам, які аднекуль апынуўся ў руцэ.

Спачатку зьвярнуўся да людзей з просьбай зрабіць тры крокі назад, — каб не ствараць даўкі і канфлікту з міліцыяй, папрасіў захоўваць парадак, а потым пачаў у мэгафон агітацыю да міліцыі. Расказаў, чым можа пагражаць асабіста ім аб’яднаньне Беларусі і Расеі, калі давядзецца абараняць інтарэсы Крамля ў Чачні ды ў розных «гарачых кропках». Праінфармаваў, што беларускае заканадаўства і міжнародныя акты не проста дазваляюць, але і патрабуюць не выконваць загадаў камандзіраў, калі гэтыя загады — злачынныя.

— Вы за гэта адкажыце, — пачуў голас за сьпіной.

Абярнуўся — побач стаяў незнаёмы афіцэр у камуфляжнай форме (ягоныя пагоны хаваліся за шырокім апушчаным на плечы мехавым каўнерам, таму званьня я не разгледзеў). Ён перайшоў на ты:

— Трапіш да нас хоць на гадзіну — і галадоўка табе пакажацца раем.

Інфармаваны быў афіцэр — ведаў пра парлямэнцкую галадоўку.

Праз некалькі хвілінаў з боку праспэкту Скарыны з явіліся калёны спэцназаўцаў у шлемах з празрыстымі шчытамі. У атачэньні ахоўнікаў узьнік мэр Менску Ярмошын. Разам зь ім — невядомы мне палкоўнік, гэтаксама ў камуфляжнай форме. Не хаваў свайго імя і прадставіўся як намесьнік камандуючага ўнутранымі войскамі.

— Прыбярыце спэцназ, палкоўнік! — паспрабаваў апэляваць да ягонага розуму. — Вы ж бачаце, людзі стаяць спакойна, міліцыю не правакуюць. Хутка выйдуць дэпутат Знавец і Зянон Пазьняк і паведамяць пра вынік перамоваў.

— Ніякіх перамоваў, — абарваў палкоўнік. — Калі праз хвіліну не разыдзецеся — прыменім спэцыяльныя сродкі.
— Але вы будзеце несьці адказнасьць за гэта, спадар палкоўнік. Пэрсанальна Вы!

Я спрабаваў яшчэ пераканаць намесьніка камандуючага, але ён, не даслухаўшы, пайшоў да Ярмошына. Той, відаць, аддаў нейкую каманду і праз некалькі сэкундаў у людзкі натоўп урэзаліся сотні спэцназаўцаў.

Людзі ў шэра-зялёнай форме пачалі біць людзей дубінкамі; вылучалася група нейкіх каратышак ростам ня больш за мэтар пяцьдзесят- мэтар шэсьцьдзесят, некаторыя ў чырвоных бэрэтах. Білі ўсіх — мужчын, жанчын, старых, дзяцей.

24 сакаввіка 1994, фота з газэты "Свабода"
24 сакаввіка 1994, фота з газэты "Свабода"

Працытую апісаньні падзеі дзяржаўнай і незалежнай прэсай.

«Калі стала вядома, што эфірны час З. Пазьняк не атрымае, каб пазьбегнуць магчымых эксцэсаў, да будынка было падцягнута спэцыяльнае падразьдзяленьне ўнутраных войск, узброенае шчытамі і гумавымі дубінкамі. З боку дэманстрантаў у ачапленьне паляцелі сьняжкі і кавалкі лёду. Супрацоўнікі міліцыі і ўнутраных войскаў, распачаўшы дзеяньні ў адказ, выцесьнілі натоўп з тэрыторыі, што прылягае да будынка Дзяржтэлерадыёкампаніі» " (БЕЛТА, «Народная газета», 26 сакавіка 1996 г).

«Пасьля таго як на падыходах да будынка сабраліся дзевяць рот (гэта прыблізна тысяча байцоў — С.Н.) АМАПу і міліцыі, абаронцы парадку перайшлі ў наступ. У першых шэрагах знаходзіліся спэцназаўцы, узброеныя мэталёвымі шчытамі, балёнчыкамі з газам і дубінкамі. Перастроіўшыся „сьвіньнёй“, яны пачалі цясьніць натоўп у накірунку Сьвіслачы. Супраць дэманстрантаў былі скарыстаныя газ і дубінкі. Дзеяньнямі міліцыі кіраваў мэр Менску Уладзімер Ярмошын» (Андрэй Махоўскі, «Беларуская дзелавая газэта», 28 сакавіка 1996 г.)

Гэта было першае масавае зьбіцьцё людзей, удзельнікаў мірнага пратэсту ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Ламаюць рэбры, труцяць газам, лупяць рацыямі

Праз тры месяцы пасьля пагрому на вуліцы Камуністычнай, ужо вельмі далёка ад тэлецэнтра, у скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане, мне трапіўся артыкул у незалежнай газэце «Імя», прысьвечаны падзеям 24 сакавіка. Зь яго вынікала, што арганізатары шэсьця да тэлецэнтру зрабілі вялікую памылку — спыніліся на паўдарозе. Калі ўжо мы прывялі туды людзей, дык трэба было ісьці на рашучыя крокі.

І тут выявілася вечная дылема, перад якой апынаюцца палітыкі: ахвяраваць людзьмі дзеля мэты ці, усё ж, на першым месцы павінны быць здароў’е, бясьпека людзей, іх жыцьці? Канешне, у выпадку 24 сакавіка мэтай была зусім не ўлада, а паўгадзінны эфіру.

Ну, а калі б не эфір, а — улада? Варта было б ахвяраваць чалавечымі жыцьцямі? Гэта вельмі цяжкае пытаньне, якое, канешне, палягае не ў палітычнай, а ў маральнай плоскасьці. Пра сябе скажу, што я ня змог бы «адключыць» сумненьні, ці вартая перамога жыцьцяў. Наколькі я ведаю Пазьняка — і ён таксама.

Але рашэньні такога кшталту палітыку часам трэба прымаць імгненна, часта — без магчымасьці зь нейкім параіцца.

У куды выгаднейшым становішчы знаходзяцца камэнтатары, якія ацэньваюць дзеяньні палітыка, ужо ведаючы вынік. І, канешне, маюць час падабраць ёмістыя словы для пераліку таго, што і як трэба было рабіць.

Я перакананы, што спроба штурму тэлецэнтру — калі менавіта гэта разумелася аўтарам пад «рашучымі крокамі» — прывяла б да сур’ёзных раненьняў, а магчыма, і чалавечых ахвяраў, не кажучы ўжо, што і ніякага эфіру не дамагліся б.

«Зробленыя дзеяньні дазволілі адцясьніць натоўп на некалькі мэтраў, але канчатковай перамогі абаронцы парадку не дамагліся. Узьнікла патавая сытуацыя, якую вырашыла зьяўленьне лідэра БНФ. Зянон Пазьняк абвясьціў пра тое, што зьвязацца з кіраўніцтвам тэлекампаніі яму не ўдалося і заклікаў мітынгоўцаў разысьціся» (Андрэй Махоўскі, «Беларуская дзелавая газэта», 28 сакавіка 1996 г.)

Тады Пазьняк і Знавец выйшлі на ганак, лідэр БНФ сказаў, што будзем апэляваць да замежных сродкаў масавай інфармацыі, каб распавесьці сьвету пра сытуацыю на Беларусі.

А мяне ў тыя хвіліны ўразілі нейкія шкляныя вочы байцоў спэцназу, нібыта іх накачалі наркотыкамі альбо нейкім атупляючым рэчывам. Гэтыя людзі праглі крыві і былі гатовыя на забойства. Ад іх ішла нянавісьць.

Такіх жа я ўпершыню ўбачыў годам раней, у Авальнай залі пад час нашай галадоўкі. Але тады падзеі разгортваліся імкліва. А праз некалькі месяцаў, калі мы прыехалі ў адзін з пастарункаў міліцыі вызваляць захопленых АМАПам фронтаўскіх актывістаў, удалося пагутарыць зь іх камандзірам — у невялікім, сяржанцкім званьні.

Ён агрызаўся з намі, — мне пляваць, што вы дэпутаты, ваш БНФ разваліў СССР, вы супраць улады. Паводзіў сябе нахабна, хаця гады за два да гэтага сяржант АМАПу наўрад ці дазволіў бы сабе такое — дэпутаты дамагліся б ад міністра ягонага звальненьня і адстаўкі ягонага камандзіра.

Наступныя чвэрць стагодзьдзя такія людзі будуць інструмэнтам рэпрэсій супраць тых, хто выступае за перамены. Да іх прысутнасьці на вуліцах беларускіх гарадоў нават прызвычаюцца, маўляў, нічога страшнага. Аж пакуль у жніўні 2020-га да тысячаў людзей прымянілі такія нялюдзкія катаваньні, што стала страшна і ўсё грамадзтва задасца пытаньнем: адкуль, зь якіх цёмных нораў павылазілі гэтыя карнікі-пачвары? Але імгненна знойдуцца іх акаўнты ў сацыяльных сетках, і на фотаздымках беларусы ўбачаць пяшчотных мужоў і клапатлівых бацькоў.

Тое, у каго ператварыліся міліцыянты ў жніўні 2020-га, будзе прадметам дасьледаваньняў псыхіятраў і сацыяльных псыхолягаў. Я не спэцыяліст у гэтых сфэрах, дасьледаваньне матываў злачынстваў байцоў і афіцэраў лукашэнкаўскіх спэцслужбаў — ня мэта гэтай кнігі. Скажу толькі, што працэс, які ў сваім фінале меў катаваньні, якіх Беларусь ня ведала пасьля Гітлера і Сталіна, — пачаўся вось тады, у сакавіку 96-га, ля тэлецэнтру, на вуліцы Камуністычнай.

Я мог бы сказаць, што пачаўся годам раней, зьбіцьцём дэпутатаў — але тады шмат хто ўспрыняў гэта як разборку палітыка з палітыкамі. Аднак і зьбіцьцё звычайных людзей 24 сакавіка 96-га ня выклікала масавага абурэньня — «не мяне ж зьбівалі». Спатрэбіцца чвэрць стагодзьдзя, каб пасьля стрэляніны і катаваньняў сотні тысяч выходзілі на вуліцы.

... Тады, ля тэлецэнтру на Камуністычнай, галоўным было — запазьбегнуць ахвяраў. Людзі адышлі ў бок праспэкту, да музэю першага з’езду РСДРП, але не зьбіраліся разыходзіцца. Было бачна, што, абражаныя і абураныя, яны імкнуцца да нейкага дзеяньня. Але і спэцназаўцы ўжо перамясьціліся да праспэкту і пачалі зноў выстройвацца ў «баявы парадак».

Я сказаў Пазьняку, што людзі самі не разыдуцца, яны патрабуюць дзеяньня. Павінна прагучаць нейкая прапанова, нейкі заклік. Самае лепшае — заклікаць іх прыйсьці на шэсьце 2 красавіка, калі Лукашэнка з Ельцыным будуць падпісваць дамову ў Маскве. Пазьняк пагадзіўся і даручыў мне зрабіць абвестку.

З балюстрады ля музэю зьвярнуўся да менчукоў з прапановай сабрацца ў нядзелю, каб сказаць «Не!» плянам інтэграцыі, прывесьці сваіх сяброў ды знаёмых. А цяпер — разысьціся.

Прапанова была прынятая — частка людзей рушыла да ўваходу ў мэтро, а іншыя, каму зручней было дабірацца да дому ад вакзалу, пайшлі па праспэкту ў бок плошчы Незалежнасьці.

«Фактычна пасьля гэтага інцыдэнт можна было лічыць вычарпаным. Але, як выявілася, іншага меркаваньня прытрымлівалася міліцыя. Група мітынгоўцаў прыблізна ў дзьве тысячы чалавек рушыла па праспэкту Францішка Скарыны ў накірунку плошчы Незалежнасьці. У раёне Галоўпаштамту шлях ім перагарадзіў кардон АМАПу. Спроба людзей працягнуць рух па тратуару была спыненая — амапаўцы проста рассунулі шэрагі. Пасьля невялікай сутычкі дэманстранты былі адкінутыя да КДБ. Менавіта там і разыграліся па-сапраўднаму трагічныя падзеі гэтага сьвяточнага дня.

Нягледзячы на тое, што відавочных прычынаў для прымяненьня сілы не было, міліцыя пайшла на абвастрэньне сытуацыі. Мяркуючы па ўсім, скарыстаўшыся нешматлікасьцю шэсьця, ахоўнікі парадку паспрабавалі ўзяць маральны рэванш за свае няўдачы на працягу дня. У выніку навядзеньне парадку пераўтварылася ў зьбіцьцё бяззбройных людзей.

Аднак і на гэты раз спадзяваньні міліцыі не апраўдаліся. Каля сотні чалавек занялі абарону, замацаваўшыся ў сквэры Дзяржынскага. У міліцыю паляцелі кавалкі ільду і пустыя пляшкі. Далейшае разьвіцьцё падзеяў уяўлялася непрадказальным. (Андрэй Махоўскі, «Беларуская дзелавая газэта», 28 сакавіка 1996 г.)

Ля будынку КДБ у сквэры Дзяржынскага людзей, якія мірна крочылі па тратуары, АМАП і міліцыя зьбівалі да непрытомнасьці — як прафэсара Міхася Савіцкага. Наляцелі і на Пазьняка, але ахова, дужыя хлопцы з БНФ, удала адбілі АМАПаўцаў. У крыві ў сквэры Дзяржынскага заставаліся ляжаць некалькі чалавек. Былі зь імі, аж пакуль не прыехала «хуткая дапамога».

24 сакавіка 1996, фота з газэты "Свабода"
24 сакавіка 1996, фота з газэты "Свабода"

Вось як людзі прыгадвалі падзеі на праспэкце праз дзень на прэсавай канфэрэнцыі ў сядзібе БНФ:

Валянціна Шымко, 61 год, інвалід другой групы: «Я ўжо сабралася абыходзіць міліцэйскі ланцуг, як бачу, мая суседка хоча прайсьці кардон. А нейкі здаравенны паставы схапіў яе за грудзі і пачаў трэсьці, як грушу. А потым так піхнуў, што яна ўпала на тратуар, шапка адляцела ў брудную лужыну. Я ня вытрымала, кінулася да яго і пачала сароміць — „Як ты можаш біць жанчыну, якая ў маці табе гадзіцца?“. Тут раптоўна другі міліцыянт так стукнуў мяне кулаком у жывот, што аж дыханьне заняло. Я павалілася каля ягоных ботаў. Лекары кажуць, што ў мяне пашкоджанае рабро».

Галіна Мядзведзява, 42 гады, інжынэр: «Зрабіўшы пакупкі ў гастраноме, што насупраць будынку КДБ, я выйшла на вуліцу. Вакол стаяў гвалт, шум, з усіх бакоў несьліся крыкі. Ад нечаканасьці я спынілася і прытулілася да сьцяны. У некалькіх кроках ад мяне міліцыя біла дубінкамі мужчыну, які ляжаў каля бардзюру. Калі яны пакінулі яго і кінуліся на другога, я падышла да мужчыны, каб дапамагчы падняцца. Але толькі нагнулася — як па сьпіне ўдарылі дубінкай. Павярнула галаву — а мне ў вочы газам. Пачала задыхацца, павалілася. Нейкія людзі адцягнулі да кіёску, дзе мяне і падабрала „хуткая дапамога“. У 10-й гарадзкой лякарні паставілі дыягназ: апёкі вачэй першай ступені і моцныя пабоі на сьпіне, галаве і плячах».

Віктар Хажавец, 49 гадоў, прадпрымальнік: «Пасьля таго, як каля тэлецэнтру Пазьняк заклікаў усіх разыходзіцца, я пайшоў па праспэкце ў бок плошчы Незалежнасьці. Ля будынку КДБ насустрач мне беглі з бел-чырвона-белымі сьцягамі людзі, а насустрач ім несьліся спэцназаўцы, стукаючы дубінкамі па сваіх шчытах. Бачу — жанчына гадоў 60 упала на асфальт ад удару дубінкі. Я падбег, стаў падымаць яе, і тут у самога сьцямнела ў вачах ад моцнага ўдару па галаве».

Зінаіда Сачанка, 56 гадоў, пэнсіянэрка: «На маіх вачах моцна зьбілі ляжачую дзяўчыну, тыя ўпала, зачапіўшыся за кусты. А мужчыну, які спрабаваў яе абараніць, мардасты міліцыянт стукнуў рацыяй па галаве, і той заліўся крывёю. Я ўжо ня памятаю, як падбегла да таго мардастага, выцягнуўшы ўперад рукі. У гэты момант збоку атрымала моцны ўдар дубінкай».

Вітаўт Мартыненка, 36 гадоў, журналіст: «На праспэкце Скарыны, каля кнігарні „Падпісныя выданьні“ пяць міліцыянтаў узялі мяне ў кола, зьбілі, начапілі наручнікі, і кінулі ў машыну. Па дарозе ў Цэнтральны РАЎС білі кулакамі, нібыта па баксёрскай грушы. Не супакоіліся яны і ў дзяжурцы. У выніку з міліцыі мяне забрала 25-ая брыгада „хуткай дапамогі“ і адвезла ў 10-ю гарадзкую лякарню».

Не, шмат падобнага на тое, што скалане сьвет у жніўні 2020, адбылося на менскіх вуліцах у сакавіку 1996-га.

24 сакаввіка 1994, фота з газэты "Свабода"
24 сакаввіка 1994, фота з газэты "Свабода"

«Сьвята пагражала скончыцца крывавым пабоішчам. Але менавіта ў гэты момант ахоўнікі парадку адступілі. Пасьля чаго мітынгоўцы зьмялі ланцуг АМАПу і прарваліся да будынка паштамту. Захапіўшы ў лепшых традыцыях пошту, тэлеграф і тэлефон, удзельнікі акцыі, аднак, не зрабілі спробы ўзяць вакзалы і банкі. На прыступках паштамту Зянон Пазьняк правёў імправізаваны мітынг, пасьля якога дэманстранты разышліся». (Андрэй Махоўскі, «Беларуская дзелавая газэта», 28 сакавіка 1996 г.)

З праспэкту разам з Пазьняком і ягонай жонкай Галінай Вашчанкай заехалі ў карпункт Радыё Свабода, забралі маю жонку Галю, а адтуль паехалі ў офіс нашага інфармагенцтва «Павет», дзе быў тэлевізар. Ва ўсіх інфармацыйных выпусках расейскіх каналаў сёньняшнія падзеі, хай сабе і з рознымі камэнтарамі, падаваліся як пратэст нечакана вялікай колькасьці грамадзянаў супраць аб яднаньня Беларусі і Расеі. Назаўтра вядучыя газэты сьвету паведамілі пра падзеі ў Менску.

Пачатак прарыву інфармацыйнай блякады быў пакладзены: сьвет убачыў, што беларусы ня хочуць пад Расею.

Днём пазьней прэсу абляцела заява прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі Сяргея Мядзьведзева, што «речь о создании нового государства не идет» («КоммерсантЪ», 26 сакавіка 1996).

Гэта можна было б расцаніць як перамогу, калі б не другая частка фразы крамлёўскага чыноўніка: «но наднациональные органы, символика и гимн созданы будут».

Кнігі Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Білібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя»

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Ашаламляльнае падарожжа ў будучыню, якая пакуль застаецца ў мінулым, вачыма ўдзельніка гістарычных падзей, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі (1990–1995) Сяргея Навумчыка.

Дзевяноста першы

Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

Дзевяноста другі

Кніга пра год, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, пачатак драмы беларускай дэмакратыі.

Дзевяноста трэці

Ва ўсёй вастрыні ў Беларусі аднаўляецца барацьба ў парлямэнце за і супраць вайсковых саюзаў, за энэргетычную незалежнасьць і супраць увядзеньня прэзыдэнцтва. Кніга расказвае пра ашаламляльныя здабыткі і паразы нацыянальнага адраджэньня і дэмакратыі, галоўных дзейных асобаў і драматычныя наступствы іх выбару для свабоды.

Дзевяноста чацьверты

Як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.​

Дзевяноста пяты

Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG