Разглядаць скаргу прызначылі судзьдзю Вікторыю Шабуню, працэс быў закрытым. Такім чынам упершыню афіцыйна пацвердзілі арышт вядомага бізнэсоўца — інфармацыя пра паседжаньне зьявілася на сайце Вярхоўнага суду. Да гэтага часу інфармацыя пра затрыманьне Юрыя Чыжа была негалоснай — у сакавіку сілавікі прыходзілі ў зьвязаныя зь ім кампаніі.
Як патлумачыў Reform.by адвакат Міхаіл Баднарчук, звычайна ў раскладзе пішуць канкрэтную падставу скаргі: «на затрыманьне», «на ўзяцьце пад варту» і г.д. Але фармулёўка ў выпадку зь Юрыем Чыжом азначае, што ў пададзенай скарзе названыя ўсе пералічаныя факты.
У выніку суд разгледзеў скаргу і пакінуў сузаснавальніку кампаніі «Трайпл» ранейшую меру стрыманьня — узяцьце пад варту. Ці будуць яшчэ працэсы ў гэтай справе, пакуль невядома. Няма і згадкі пра вынікі судова-псыхіятрычнай экспэртызы.
Юрыя Чыжа ўжо затрымлівалі ў 2016 годзе праз падазрэньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Неўзабаве ён выйшаў на волю, у гэты ж час вялося сьледзтва ў дачыненьні да ягонага партнэра Ўладзімера Япрынцава.
Пазьней пачаўся падзел бізнэсу, вынікам чаго стала згортваньне шэрагу буйных праектаў групы кампаній. ТАА «Трайпл» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.