Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў 11 кастрычніка: Івашын выйшаў з карцару, Васілевіч ня ведае абвінаваўчага артыкулу

абноўлена

Дзяніс Івашын.
Дзяніс Івашын.

Палітзьняволены журналіст Дзяніс Івашын выйшаў з карцару, бізнэсовец Аляксандар Васілевіч ужо 13 месяцаў у СІЗА, але дагэтуль невядома, у чым яго вінавацяць.

Журналіста маглі кінуць у карцар праз «зайдрасьць»

Пра заканчэньне адбыцьця пакараньня Дзяніса Івашына ў карцары паведаміла ў Facebook ягоная жонка.

«212-ты дзень у палоне. 26 дзён без лістоў. Нарэшце Дзяніса вызвалілі з карцару. Цяпер хоць бы зможа сагравацца дадатковай вопраткай, коўдрай або нават гарачай гарбатай пры наяўнасьці ў кагосьці кіпяцільніка. Ён пачаў пераймацца колькасьцю перадач і пасылак, якія мы ды іншыя яму дасылаем. Ёсьць верагоднасьць, што сапраўднай прычынай зьмяшчэньня ў карцар была банальная зайздрасьць да той увагі, якую Дзяніс мае. Колькі б ні стараліся стварыць інфармацыйную блякаду з карэспандэнцыяй, пасылкі і перадачы нічым, апроч карцару, ня спыніш», — напісала Вольга Івашына.

Жанчына таксама адзначыла, што Дзянісу даходзіць шмат розных газэт і часопісаў, якія яму выпісваюць родныя штомесяц.

Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка і выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкула (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў). Санкцыя прадугледжвае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Журналіста трымаюць у турме № 1 Горадні.

Бізнэсовец 400 дзён за кратамі без дакладнага абвінавачаньня

Сузаснавальнік онлайн-выданьняў kyky.org і The Village-Беларусь, уладальнік агенцтва Vondel/Hepta і прасторы «Галерэя Ў» Аляксандар Васілевіч за кратамі ад канца жніўня 2020 году. Да гэтага моманту невядома, паводле якога артыкулу Крымінальнага кодэксу яго абвінавачваюць.

Ягоная жонка Надзея Зелянкова ў размове з тэлеканалам «Белсат» расказала, што мужа могуць трымаць у няволі да таго моманту, пакуль ён не прызнае сваёй віны або супраць яго ня знойдуць нейкіх доказаў.

«Нічога, што я б магла ведаць пра рух справы, няма, і думаю, што нічога не адбываецца. Яны ня ведаюць, што зь ім рабіць. З аднаго боку, справу даўно ўжо павінны былі перадаць у суд, але ім трэба ягонае прызнаньне. Шчыра кажучы, гэта ня значыць, што ён яго ніколі ня дасьць. Праблема ў тым, што Саша дасюль ня ведае, у чым яго вінавацяць. Абвінавачаньня няма, але сутнасьць ягонага знаходжаньня ў турме ўсім зразумелая», — сказала Надзея Зелянкова.

Палітзьняволены павіншаваў маму з Днём маці букетам кветак

21-гадовы палітзьняволены Марк Салонікаў з турмы павіншаваў сваю маму з Днём маці, паведамляе «Вясна Брэст».

«Я была ў ад’езьдзе. Да мяне захацела прыйсьці ў госьці дзяўчына з падʼезду якраз у гэты момант, калі да кватэры падняліся з падарункам (без папярэджаньня). Вось такі цуд! Яна мне патэлефанавала і сказала, што да нас госьці! Эмоцый вельмі шмат, прыемна атрымаць ад сына падарунак! Дзякуй вялікі!», — распавяла Іна Салонікава і выклала фотаздымак з букетам кветак, які ёй перадалі ад сына.

Марка Салонікава 21 траўня абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі ў межах «справы аб масавых беспарадках» у Берасьці. Хлопца пакаралі 4,5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пакараньне Марк адбывае ў ПК № 3 на Віцебшчыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG