Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэрэнцыя «Форум 2000» у Празе ўганаравала прэміяй за мужнасьць і адказнасьць сябра Беларусі


Карл Гершман, прэзыдэнт Нацыянальнага фонду дэмакратыі. Вашынгтон, сьнежань 2016
Карл Гершман, прэзыдэнт Нацыянальнага фонду дэмакратыі. Вашынгтон, сьнежань 2016

У Празе сёньня пачалася трохдзённая міжнародная канфэрэнцыя «Форум 2000», галоўная тэма якой была сфармуляваная як «Што цяпер? Дэмакратычная адбудова».

Канфэрэнцыя пачалася з уручэньня прэміі. З нагоды сёлетняй 25-й сустрэчы «Форум 2000» была заснаваная Міжнародная прэмія за мужнасьць і адказнасьць. Узнагарода будзе прысуджацца, як паведамляецца на сайце «Форум 2000», «грамадзянам, групам грамадзян або інстытутам у знак прызнаньня незвычайнай грамадзянскай мужнасьці і за дзеяньні, якія ставяць адказнасьць перад шырокай грамадзкасьцю, абарону дэмакратыі і прасоўваньне правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў вышэй за ўласныя інтарэсы».

Першым ляўрэатам прэміі стаў Карл Гершман. Карл Гершман (нар. 1943) — амэрыканскі дзяржаўны службовец, які займае пасаду прэзыдэнта Нацыянальнага фонду дэмакратыі з моманту яго заснаваньня ў 1984 годзе да сёньня. Раней Гершман, сярод іншага, займаў пасаду амбасадара ЗША пры Радзе ААН па правах чалавека падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Рональда Рэйгана.

Карл Гершман — вялікі сябра Беларусі, ягоны фонд гадамі аказваў падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці і беларускім дэмакратычным актывістам. Выступаючы на «Форуме 2000» з падзякай за прэмію, ён згадаў ліст былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла ў падтрымку 8 палітвязьняў у Беларусі ў 2011 годзе, які Гавэл напісаў за тры дні да сваёй сьмерці. Гершман нагадаў, што чатырох з тагачасных палітвязьняў, у тым ліку Алесь Бяляцкі, зьяўляюцца палітзьняволенымі і ў сёньняшняй Беларусі.

У сёлетняй канфэрэнцыі «Форум 2000» выступяць, сярод іншых, Майкл Абрамавіц (прэзыдэнт Freedom House), Тымаці Гордан Эш (прафэсар Оксфардзкага ўнівэрсытэту), Вера Юрава (віцэ-прэзыдэнтка Эўракамісіі), Дэйвід Крэмэр (Міжнародны ўнівэрсытэт Флорыды), Джэфры Сакс (Калюмбійскі ўнівэрсытэт), Мілаш Выстрчыл (старшыня Сэнату Чэхіі), Мая Санду (прэзыдэнтка Малдовы), Цай Інвэнь (прэзыдэнтка Тайваню).

  • «Форум 2000» — гэта адначасова фонд і канфэрэнцыя, якая праходзіць у Празе штогод. Фонд «Форум 2000» быў заснаваны ў 1996 годзе паводле сумеснай ініцыятывы прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла, японскага філантропа Ёхэй Сасакава і ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Элі Візэля. Вацлаў Гавэл заснаваў ідэю «Форуму 2000» на прынцыпе, што «было б добра, калі б разумныя людзі ня толькі з розных канцоў зямлі, розных кантынэнтаў, розных культур, з розных рэлігійных колаў цывілізацыі, але і з розных дысцыплін чалавечых ведаў маглі сабрацца дзесьці дзеля спакойнай дыскусіі».
  • Асноўная мэта канфэрэнцый «Форуму 2000» — «вызначыць ключавыя праблемы, якія стаяць перад цывілізацыяй, і вывучыць шляхі прадухіленьня эскаляцыі канфліктаў, асноўнымі складнікамі якіх зьяўляюцца рэлігія, культура ці этнічная прыналежнасьць». Сваёй дзейнасьцю Фонд «Форум 2000» таксама мае намер прасоўваць дэмакратыю ў недэмакратычных краінах і падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць, павагу да правоў чалавека і рэлігійную, культурную і этнічную талерантнасьць у маладых дэмакратычных краінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG