У супрацоўнікаў амбасады ў Бэрліне адзначаны сымптомы так званага гаванскага сындрому, паведамляе часопіс Der Spiegel. Ён названы так па першым зафіксаваным выпадку магчымых нападаў. З канца 2016 года амэрыканскія дыпляматы ў Гаване паведамлялі пра моцныя галаўныя болі, млоснасьць, стомленасьць і пагаршэньні каардынацыі і слыху.
Часопіс Politico ў траўні паведамляў, што арганізатарамі нападу можа выступаць расейская ваенная выведка ГРУ, аднак дакладных доказаў гэтаму пакуль няма. Адзін з апошніх выпадкаў магчымага ўзьдзеяньня зафіксаваны некалькі тыдняў таму — пацярпелым мог стаць супрацоўнік ЦРУ, які суправаджаў у паездцы ў Індыю дырэктара службы Уільяма Бёрнса, перадае The New York Times.
Як мяркуецца, сындром узьнікае пасьля ўзьдзеяньня гукавай ці мікрахвалевай зброяй. У пятніцу прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон аб выплаце кампэнсацый пацярпелым ад гаванскага сындрому. Дакумэнт быў падтрыманы ў Кангрэсе прадстаўнікамі Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый.