Блогеру Дзядку не аказваюць дапамогі
Анархіст і блогер Мікалай Дзядок ужо больш за 10 месяцаў знаходзіцца ў турме. Ягоная справа дасюль на экспэртызе, а пра дату суду нічога не вядома, піша тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады.
Як паведаміў бацька палітзьняволенага Аляксандар Дзядок, сын пакутуе ад штодзённага галаўнога болю, аднак яму ўжо некалькі месяцаў не аказваюць ніякай дапамогі, хаця начальнік мэдычнай часткі турмы ведае аб праблеме. Таксама не прымаюць да ўвагі ў СІЗА і мэдычныя дакумэнты аб захворваньнях Мікалая і паказаньні для абсьледаваньняў.
Мікалая Дзядка вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак; незаконных дзеяньнях у дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў і ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь.
Мікалаю Дзядку пагражае да 7 гадоў зьняволеньня. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Дзядок заявіў, што не прызнае віны ні па адным з артыкулаў. Палітвязень прасіў, каб да ягонай абароны ў якасьці грамадзкага абаронцы дапусьцілі юрыста Аляксандра Дзядка, ягонага бацьку, але суд гэтае хадайніцтва не задаволіў.
Адмова ад перадач
Ізалятары ў Менску на завулку Акрэсьціна і ў Жодзіне 7 кастрычніка адмовіліся браць перадачы для затрыманых. У ІЧУ на Акрэсьціна заявілі, што будуць прымаць толькі лекі для арыштаваных. Адмову прымаць рэчы і прадукты тлумачаць пандэміяй COVID-19.
Таксама пандэміяй тлумачаць адмову прымаць перадачы ў жодзінскім ізалятары. Работнікі турмы заявілі сваякам, што з панядзелка ў СІЗА двухтыднёвы карантын, піша Reform.by.
Нагадаем, што раней, нягледзячы на пандэмію COVID-19, адміністрацыі турмаў шматкроць парушалі правы зьняволеных, зьмяшчаючы ў камэры нашмат больш людзей за колькасьць, на якую тыя разьлічаны. У выніку шэраг арыштаваных у крымінальных ці адміністрацыйных справах перахварэлі на COVID-19, была інфармацыя і пра сьмерці.
Рацыён Бяляцкага
Праваабаронца «Вясны» Алесь Бяляцкі расказаў пра свой рацыён. Ён складаецца з турэмнай ежы і прадуктаў, якія перадае жонка або ён сам купляе ў мясцовай краме. З 14 ліпеня яго ўтрымліваюць у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.