Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі анансавалі платныя прышчэпкі ад каранавірусу вакцынамі Pfizer і AstraZeneca


Вакцына Pfizer, ілюстрацыйнае фота
Вакцына Pfizer, ілюстрацыйнае фота

Пытаньне пра магчымасьць атрыманьня заходніх вакцынаў уздымалася ў тым ліку ад таго, што «Спутнік V» і Sinopharm ня ўхваленыя ў Эўразьвязе і шэрагу іншых краін, а гэта істотна перашкаджае свабодзе турызму. 

Прышчапіцца Pfizer і AstraZeneca будзе магчыма, але, адрозна ад даступных цяпер вакцынаў «Спутник V» і Sinopharm, толькі за грошы. Пра гэта заявіў міністар здароўя Дзьмітры Піневіч у эфіры тэлеканалу АНТ.

«Мы ставім сваёй мэтай бязвыплатную вакцынацыю, а Pfizer значна даражэйшы, чым існыя аналягі. З гэтага пункту гледжаньня, ацэнкі якасьці і даступнасьці, Pfizer не зьяўляецца прыярытэтам», — заявіў міністар. — Але калі патрэба паўстане, то ў краіне зьявяцца і Pfizer, і AstraZeneca, праўда, такая прышчэпка ўжо будзе за грошы».

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на гэты момант у Беларусі поўны курс вакцынацыі прайшлі больш за 1,5 мільёна чалавек. Першую дозу атрымалі — каля 2,2 мільёна (крыху больш за 23%).

Мэдыкі адзначаюць, што чацьвёртая хваля, якая прыйшла ў Беларусь, характарызуецца вялікай колькасьцю пацыентаў у цяжкім стане. Калі падчас папярэдніх трох хваляў прышчапляцца раілі людзям старэйшага ўзросту, то цяпер рэкамэндуюць асобам ва ўзросьце 30+.

Пра тое, што маладыя ўсё часьцей хварэюць COVID-19, а сам працяг захворваньня стаў больш цяжкім, у эфіры СТБ паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

«Сапраўды, цяпер часьцей хварэюць маладыя людзі. Захворваньне працякае больш цяжка і агрэсіўна. Хутчэй надыходзіць пагаршэньне стану нашых пацыентаў», — сказала яна.

У ведамстве таксама падкрэсьлілі, што 99,9% пацыентаў у цяжкім стане ў ковідных аддзяленьнях не былі прышчэпленымі. Яна зазначыла, што падчас чацьвёртай хвалі павялічылася колькасьць пацыентаў, якія знаходзяцца на кіслародатэрапіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG