Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 мільёны беларусаў пачалі вакцынацыю. Разьбіраемся, чаму шмат хто ня хоча рабіць прышчэпку


Вакцынацыя ад COVID-19. Ілюстрацыйнае фота.
Вакцынацыя ад COVID-19. Ілюстрацыйнае фота.

Паводле афіцыйных дадзеных Міністэрства здароўя, дзьве дозы вакцыны ад COVID-19 атрымалі 1,571 мільёна беларусаў.

Зь лічбаў ведамства вынікае, што цалкам прышчапіліся ў Беларусі 16,8% жыхароў, а яшчэ 21,5% атрымалі адну дозу вакцыны.

Для параўнаньня, у Літве 60% вакцынаваліся ўжо дзьвюма дозамі, 64% — першай; у Польшчы — 51% дзьвюма дозамі і 52% — адной; у Расеі — 29% і 33% адпаведна.

Амаль палова ня хоча ці не гатова вакцынавацца

Паводле апытанкі Tut.by, дзе прагаласавалі больш за 88 тысяч чалавек, 43% не вакцынаваліся і не плянуюць; 22% не прышчапляліся, але плянуюць гэта зрабіць; 28% зрабілі прышчэпку ў Беларусі і 7% — у іншай краіне.

Яшчэ ў сакавіку тэлефоннае апытаньне наконт вакцынацыі рабіў Інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі. Тады 42,8% беларусаў ставіліся да вакцынацыі нэгатыўна, 43,7% — станоўча, 13,5% не змаглі адказаць.

З вакцын у Беларусі прапануюць расейскую «Спутник V» і кітайскую ад кампаніі Sinopharm, нядаўна сталі прымяняць і расейскую вакцыну «Спутник Лайт».

Любыя захады дзяржавы успрымацца з сумневам

На думку сацыёляга Генадзя Каршунова, ад пачатку пандэміі дзяржава «адмовілася ад інфармацыйнай кампаніі». І цяпер зрабіць нешта, каб людзі вакцынаваліся, вельмі цяжка.

«Беларусы, збольшага, людзі адукаваныя, значыць, схільныя да рэфлексіі і выпрацоўкі сваёй думкі. Ім трэба аргумэнтацыя, інфармацыйная кампанія. Ад пачатку пандэміі дзяржава фактычна адмовілася весьці нармальную інфармацыйную кампанію. Давер да дзяржаўных інстытутаў цяпер на мінімуме», — лічыць адмыслоўца.

Генадзь Каршуноў дадае, што з прапанаванага дзяржавай выбару ёсьць толькі дзьве прышчэпкі, у якіх пакуль няма сусьветнага прызнаньня.

Трэба ня проста заклікі, а ўцямнае абгрунтаваньне

Сытуацыю з вакцынацыяй маглі б зьмяніць лідэры думак, мяркуе Генадзь Каршуноў.

«Паводле Інстытуту сацыялёгіі, асноўныя прычыны адмовы — боязь пабочак, недавер да вакцынаў, упэўненасьць, што тыя не дапамогуць супраць новага штаму. Усе гэтыя пытаньні мусілі б раскрывацца дзяржаўнай інфармацыйнай машынай. Але як давяраць Мінздароўя, калі тыя хаваюць статыстыку? Незразумела, як вылекаваць такі парадокс. Адзінае, што магла б зрабіць улада, — раскрыць сапраўдныя дадзеныя і такім чынам матываваць прышчапляцца», — кажа Генадзь Каршуноў.

Прымусовыя захады наўрад ці дадуць нейкі плён

У некаторых эўрапейскіх краінах без вакцынацыі нельга наведваць кавярні і буйныя гандлёвыя цэнтры. На думку Генадзя Каршунова, у Беларусі абмежавальныя захады не прымусяць людзей вакцынавацца.

«У дзяржавы няма рэсурсаў такое зрабіць, да таго ж сумнеўна, што прымусовыя захады дадуць плён. Дзяржава столькі робіць прымусовага і гвалтоўнага, што падобны падыход у Беларусі меў быў зусім адваротны эфэкт», — перакананы сацыёляг.

Паводле дадзеных Міністэрства здароўя Беларусі, на 27 верасьня зарэгістравалі 1946 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG