На пасяджэньні шостай сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага скліканьня прынялі ў другім чытаньні законапраект «Аб зьмяненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», інфармуе БелТА.
27 траўня Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў праект закону «Аб зьмяненьні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». Для падрыхтоўкі праекту закону стварылі спэцыяльную камісію, якая накіроўвала прамежкавыя вынікі ў пастаянныя камісіі і на заключэньне ў галоўнае прававое ўпраўленьне Сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў.
Адзначаецца, што «заўвагі тэхнічнага характару, якія паступілі, улічаныя ў тэксьце праекту дакумэнту».
Канчаткова падрыхтаваны да разгляду ў першым чытаньні законапраект накіравалі Лукашэнку, заўваг не паступіла.
Праект прадугледжвае ўвядзеньне адзінага дня галасаваньня для выбраньня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Фактычна ў сувязі з гэтым мясцовыя выбары ў Беларусі з пачатку 2022 году будуць перанесены на 2023 год.
Раней абедзьве палаты Нацыянальнага сходу прынялі зварот да Лукашэнкі з просьбай правесьці выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў і парлямэнт адначасова. Лукашэнка 26 траўня, выступаючы перад палатамі, падтрымаў гэтую ідэю. Нязьменная з 1996 году кіраўніца Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што падтрымлівае ўвядзеньне адзінага дня галасаваньня на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў. Яна адзначала, што ў выпадку станоўчага рашэньня наступныя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў будуць перанесеныя з пачатку 2022 году на 2023 год. Пры гэтым кіраўніца ЦВК падкрэсьлівала, што да правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму выбарчае заканадаўства ў Беларусі мяняцца ня будзе.