«Я дакладна ня браў удзелу ў расейскай апэрацыі, я ў прынцыпе ў расейскіх апэрацыях ня ўдзельнічаю», — сказаў Уладзімір Зяленскі трэцяга кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі ў Трускаўцы, адказваючы на пытаньне журналістаў, чаму яго не дапытваюць у межах парлямэнцкага расьсьледаваньня аб зрыве апэрацыі ўкраінскіх спэцслужбаў для затрыманьня «вагнэраўцаў», якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны.
Украінскі прэзыдэнт дадаў, што меў афіцыйную тэлефонную размову з «на той момант прэзыдэнтам Беларусі» Аляксандрам Лукашэнкам ужо пасьля затрыманьня прадстаўнікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» у Беларусі.
«Гэта праўда. Я абмяркоўваў гэтую тэму са спадаром Лукашэнкам па тэлефоне, калі гэтыя людзі, наколькі мне вядома, заехалі на аўтобусе на тэрыторыю Беларусі. Я нешта чуў, што яны згодна з апэрацыяй некуды ляцелі... Я ня ведаю, але тое, што я ведаю — яны заехалі на аўтобусе. Такая вельмі сур’ёзная апэрацыя — заехалі на аўтобусах сакрэтныя агенты...»
«Інфармацыя пра гэтых баевікоў даўно ёсьць у дзяржаве, і ў мяне была размова з прэз..., на той момант прэзыдэнтам Беларусі, і я яму сказаў — у вас там баявікі, у нас ёсьць інфармацыя. Некаторыя дэталі яму распавёў. А ён мне сказаў: „Так, мы вывучым гэтае пытаньне, абавязкова, вы ж ведаеце, як мы таварышуем, як таварышуюць нашыя дзяржавы і гэтак далей. Мы зробім усё магчымае“. І ўсё», — удакладніў Зяленскі.
Паводле яго, гэтая тэлефонная размова адбылася якраз у той момант, калі ўкраінскі журналіст Дзьмітры Гардон браў інтэрвію ў Лукашэнкі. «Ён мне і пра гэта расказаў па тэлефоне. Праверце, запытайце ў спадара Гардона, ці была ў яго размова (з Лукашэнкам) у гэты момант».
Летась 29 ліпеня ў санаторыі пад Менскам затрымалі 33 расейскіх грамадзянаў. Улады Беларусі заявілі, што падазраюць іх у падрыхтоўцы беспарадкаў напярэдадні выбараў. Украіна прасіла выдаць вагнэраўцаў ёй, бо яны бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе, але праз два тыдні затрыманых вярнулі ў Расею.
Сёлета парлямэнт Украіны стварыў часовую сьледчую камісію для расьсьледаваньня магчымай дзяржаўнай здрады найвышэйшага ўкраінскага кіраўніцтва ў сувязі з затрыманьнем «вагнэраўцаў» у Менску і перадачай іх Расеі. Украінскія СМІ сьцьвярджалі, што гэта была спэцыяльная апэрацыя ўкраінскіх спэцслужбаў, інфармацыю пра якую перадалі Беларусі пасьля адмысловай нарады ў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
Пасьля першага пасяджэньня камісіі, яе кіраўніца Мар’яна Бязуглая заявіла, што спэцслужбы Ўкраіны сапраўды спрабавалі выцягнуць «вагнэраўцаў» ва Ўкраіну, але рэалізацыю зьмянілі на пэўным этапе спэцслужбы Расеі і Беларусі.
Паводле Мар’яны Бязуглай, адзін з затрыманых «вагнэраўцаў» быў агентам спэцслужбаў Беларусі.
Пазьней кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў міжнароднай групы Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што КДБ Беларусі кантраляваў затрыманых на беларускай тэрыторыі ў ліпені 2020 году прадстаўнікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» пасьля іхнага перасячэньня расейска-беларускай мяжы.