Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве сьцьвярджаюць, што сярод затрыманых летась у Менску «вагнэраўцаў» быў агент беларускіх спэцслужбаў


У часовай сьледчай камісіі Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якая расьсьледавала сытуацыю з затрыманьнем «вагнэраўцаў» у Менску і перадачай іх Расеі, заявілі, што спэцслужбы Ўкраіны сапраўды спрабавалі выцягнуць «вагнэраўцаў» ва Ўкраіну, але рэалізацыю зьмянілі на пэўным этапе спэцслужбы Расеі і Беларусі.

«Спэцыяльнай апэрацыі (украінскіх спэцслужбаў) не было. Было спэцыяльнае мерапрыемства, якое плянавалася ў ліпені 2020 году. Прымусовая пасадка самалёта ва Ўкраіне не плянавалася», — паведаміла кіраўніца камісіі Мар’яна Бязугла.

Паводле яе, першапачаткова плянавалася, што прадстаўнікі прыватнай вайсковай кампаніі вылецяць на самалёце з Расеі ў Турэччыну, там іх затрымаюць і перададуць Украіне ў межах міжнароднай прававой супрацы.

Мар’яна Бязугла падкрэсьліла, што выкананьне гэтай апэрацыі было прыпынена, калі стала зразумела, што ў яе рэалізацыю ўмяшаліся спэцслужбы Расеі і Беларусі, бо маршрут перамяшчэньня «вагнэраўцаў» быў зьменены празь Менск. Асобна яна зьвярнула ўвагу на тое, што «вагнэраўцы» бесьперашкодна выехалі з Расеі і бесьперашкодна ўехалі на тэрыторыю Беларусі.

Летась 29 ліпеня ў санаторыі пад Менскам затрымалі 33-х расейскіх грамадзянаў. Улады Беларусі заявілі, што падазраюць іх у падрыхтоўцы беспарадкаў напярэдадні выбараў. Украіна прасіла выдаць вагнэраўцаў ёй, бо яны бралі ўдзел у баявых дзеяньнях у Данбасе. Але праз два тыдні затрыманых вярнулі ў Расею.

«Беларусь перадала Расеі 32 „вагнэраўцаў“, а 33-ці быў беларускім агентам, то бок у групе была асоба, якая працавала на спэцслужбы Беларусі», — паведаміла Мар’яна Бязугла.

Часовая сьледчая камісія прыйшла да такіх высноў на падставе інфармацыі пад грыфам «цалкам сакрэтна» і «сакрэтна», атрыманай з Галоўнага ўпраўленьня выведкі і Службы бясьпекі Ўкраіны.

Мар’яна Бязугла падкрэсьліла, што спэцыяльныя службы Ўкраіны шмат гадоў зьбіралі інфармацыю пра асобаў, датычных да баявых дзеяньняў на ўкраінскім Данбасе, у тым ліку і з мэтай вызначыць сыстэму арганізацыі і дзейнасьці прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

«Калі апрацоўваліся рызыкі і пагрозы для пасьпяховасьці гэтай апэрацыі, узялі паўзу і разьмясьцілі групу ў санаторыі, і, адпаведна, пачалі распрацоўваць больш сур’ёзна дадатковыя варыянты — варыянт пасадкі самалёта ў супрацы з усімі галіновымі службамі. Але як асноўны ён ня быў рэалізаваны. Падкрэсьлю, калі спэцслужба распрацоўвае такое мерапрыемства, то можа быць 10–15 варыянтаў, і выбіраецца той, які рэалістычны».

Мар’яна Бязугла перакананая, што гэтая сытуацыя стала вынікам контрагульні спэцслужбаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны.

«На ўзроўні спэцслужбаў было ўхвалена рашэньне аб адтэрміноўцы гэтага спэцыяльнага мерапрыемства, паколькі была атрыманая інфармацыя пра тое, што сытуацыя становіцца некантраляванай з украінскага боку, і, адпаведна, каб адпрацаваць рызыкі і павялічыць шанцы на пасьпяховасьць», — патлумачыла Мар’яна Бязугла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG