Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На год адно кароткатэрміновае спатканьне, адна бандэроль. Натальля Хершэ ўжо ў магілёўскай турме


Натальля Хершэ
Натальля Хершэ

Палітзьняволеная Натальля Хершэ, грамадзянка Беларусі і Швайцарыі, прыбыла ў магілёўскую турму № 4 з гомельскай жаночай калёніі.

Пра гэта паведаміла брату палітзьняволенай Генадзю Касьяну адміністрацыя турмы.

Як гаворыцца ў адмысловым лісьце, Натальля Хершэ адбывае пакараньне ў турме № 4 з 27 верасьня.

Суд Чыгуначнага раёну Гомля 24 верасьня разгледзеў справу «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і зьмяненьні ўмоў рэжыму» адносна палітзьняволенай Натальлі Хершэ. Справу судзьдзя Мікалай Крупадзёраў разглядаў на выязным пасяджэньні ў жаночай папраўчай калёніі, дзе Натальля адбывае тэрмін. Пра рашэньне суду брат Натальлі даведаўся толькі 27 верасьня.

Цяпер цягам году Натальля мае права на адно кароткатэрміновае спатканьне, можа атрымаць адну бандэроль альбо адзін дробны пакет. Грашовыя пераводы і лісты затое Натальлі можна слаць «без абмежаваньня».

У лісьце гаворыцца, што асуджаная паведаміць брату, калі яму прыбыць на спатканьне і як яно будзе адбывацца. Таксама яна паведаміць пра асартымэнт і вагу бандэролі і дробнага пакета, а таксама пра парадак іх перадачы.

У выпадку, калі Натальлю пазбавяць права на кароткатэрміновае спатканьне, яна паведаміць пра гэта брату «ва ўстаноўленым парадку».

Таксама Генадзь Касьян атрымаў адказ на зварот да адміністрацыі гомельскай жаночай калёніі адносна скаргаў Натальлі Хершэ. Сярод іншага — адносна таго, што палітзьняволеную пазбаўляюць адрасаванай ёй карэспандэнцыі і што не адправілі яе скаргу на імя генпракурора ад 15 ліпеня гэтага году. Зьмест скаргі брату пакуль не вядомы.

У лісьце адміністрацыі калёніі гаворыцца, што ўсе заявы Натальлі «накіраваны ў адпаведныя органы ва ўстаноўленым законам парадку». Адказы на прапановы, заявы і скаргі ўручаныя асуджанай. Што да лістоў, то карэспандэнцыя выдавалася асуджанай Натальлі Хершэ «адпаведна зь дзейным заканадаўствам».

Паводле Генадзя, гэты адказ — «фармальная адпіска».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG