Я думаю, што КДБ трэба дэманстраваць актыўнасьць, і яны чапляюцца за кожную нагоду. Паколькі рэальнай змовы і спробаў правесьці дзяржпераварот няма, яны іх вынаходзяць. Відавочна, яны ўчапіліся за гэтую нагоду зь перадстрайкавым станам, каб раскруціць новую шпіёнскую змову. Тут яны абвінавачваюць рабочых у тым, што тыя нібыта хацелі перадаваць сакрэты на Захад сваім куратарам.
Чаму гэта робяць спэцслужбы? Таму што гэта стала іх працай — вырабляць такія вось раскрытыя сакрэты, змовы і апэрацыі заходніх ворагаў. Ня ўпэўнены, што гэта мела пад сабой нейкія рэальныя падставы, таму што агульнае ўспрыманьне перадстрайкавага стану было вельмі скептычнае, бо ніхто ня бачыць перадумоваў на беларускіх прадпрыемствах для таго, каб адбылася новая хваля забастовак.
Няма ніякіх прыкметаў, каб забастоўка цяпер была на парадку дня. Тых, хто быў да гэтага схільны, у жніўні-верасьні звольнілі ці нават выцесьнілі з краіны. Адпаведна, актыў вельмі парадзеў за гэты час. Зь іншага боку, я ўяўляю дзьве патэнцыйныя падставы для страйку: эканамічную і палітычную. Палітычная — калі людзі пратэстуюць супраць нейкай абуральнай падзеі, што было ў 2020 годзе: катаваньні, фальсыфікацыя выбараў. Тады людзі выйшлі на некаторых заводах на пратэсты і страйкі. Цяпер жа падобных прычын няма, трыгераў для страйкавага руху я ня бачу.
Зь іншага боку, эканамічна сёньня некаторыя беларускія прадпрыемствы знаходзяцца ў сур'ёзным стане, але павальна па краіне мы ня бачым катастрафічнага абвалу, крызісу, які быў бы дастатковым, каб людзі пакідалі свае інструмэнты, павыходзілі з цэхаў, рызыкнулі сваім дабрабытам і пайшлі пратэставаць. Таму пакуль або тое, або іншае ня зьменіцца, я ня бачу перадумоў да здырыгаванага з-за беларускай дыяспары страйку.
Звычайна, калі арганізацыю прызнаюць экстрэмісцкай, людзі баяцца мець зь ёю справу. Дакладней, такая задумка. Я ня ведаю, наколькі хто сапраўды гэтага баіцца. Здаецца, у выпадку з «Рабочым рухам» рызыкі як былі велізарныя да прызнаньня яго экстрэмісцкім, так і засталіся. Увогуле, улады лічаць, што, прызнаўшы нешта экстрэмісцкім, яны ня тое каб гэта забаранілі, а хутчэй правялі санітарны кантроль. Я ня думаю, што гэта мае нейкае значэньне, калі асноўны актыў «Рабочага руху» і так арыштаваны.