Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйк павінен пачацца восеньню. Ён можа стаць пачаткам пляну «Перамога», — Дылеўскі


Менск трактарны завод, жнівень 2020
Менск трактарны завод, жнівень 2020

Лідэр Беларускага аб’яднаньня рабочых Сяргей Дылеўскі абвясьціў пра перадстрайкавую сытуацыю ў Беларусі. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, калі забастоўка можа пачацца, як яна павінна праходзіць і што мае зьмяніць.

Паводле Дылеўскага, за апошнія суткі да страйкавага руху дадалося каля 600 чалавек. Былы лідэр страйкаму на МТЗ, які вымушана пакінуў Беларусь летась, кажа, што заяўкі штодзённа прыходзяць сотнямі з розных беларускіх прадпрыемстваў. Усе яны правяраюцца актывістамі на месцах, што дазваляе выключыць правакатараў і ботаў. Сёньня ў актыве Беларускага аб’яднаньня рабочых каля 9000 чалавек.

Ці дастатковая такая колькасьць людзей, каб абвяшчаць у краіне перадстрайкавы стан

«Я б не сказаў, што гэтага дастаткова на сёньняшні момант. Але да нас зьвяртаюцца людзі, якія ўжо непасрэдна гатовыя дзейнічаць. І гэтага можа быць у прынцыпе цалкам дастаткова. Гэта 9 тысяч лідэраў, якія вядуць за сабою рэшту. Кожны з гэтых людзей — гэта асоба, і за імі таксама стаяць людзі».

Эканоміка Беларусі трымаецца, магутнага крызісу няма, беспрацоўе ня скача. Што павінна прымусіць рабочых да страйку?

«Сытуацыя далёка не такая, як была. Тое, што кажа дзяржпрапаганда і афіцыйная статыстыка, гэты лічбы крайне далёкія ад рэальнасьці. Курс даляра ў Беларусі трымаецца штучна. Фактычна ён павінен сёньня быць каля 4 рублёў. Ёсьць цэлая арганізацыя, якая займаецца трыманьнем цэнаў. Ілюзія дабрабыту ў нашай краіне ствараецца за кошт выпампоўваньня рэсурсаў зь дзяржбюджэту і золатавалютных рэзэрваў. На рынку працы толькі ў Менску сёньня каля 20 тысяч вакансій і больш за 25 тысяч тых, хто шукае працы».

Чаму людзі цяпер выйдуць на страйк, калі гэта не ўдалося ў жніўні?

Таму што ў людзей насамрэч адкрыліся вочы. Лепшаю сытуацыя ў нашай краіне ўжо ня будзе. Усе гэта разумеюць. Уладу ў краіне ўжо ненавідзяць нават «ябацькі». Мы прапануем максымальна бясьпечны варыянт забастоўкі — гэта нявыхад на працу. Нам ня трэба, каб людзі зьбіраліся тысячамі каля прахадных заводаў. Нам непатрэбныя бессэнсоўныя маршы, калі людзі падстаўляюцца пад удары дручкоў.

Як павінен праходзіць страйк?

Нам трэба, каб не працавалі станкі. Менавіта таму варыянт застацца дома мы лічым самым бясьпечным і самым эфэктыўным. Гэта можна зрабіць, сышоўшы на бальнічны, у адпачынак, байкатуючы месца працы або сышоўшы на ізаляцыю з прычыны ковіду.

На які працэнт удзельнікаў страйку разьлічваюць арганізатары?

Мы разьлічваем на лічбу да 30% актыўных рабочых. І мы ня кажам, што рабочыя павінны баставаць 3 дні і потым вярнуцца на працу. Цяпер гаворка ідзе пра прынамсі два тыдні забастоўкі. Калі ўлада нас не пачуе, то і бестэрміновая забастоўка.

Сяргей Дылеўскі
Сяргей Дылеўскі

Якая мэта страйку?

Мы прапануем правядзеньне перамоваў паміж уладамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Павінен быць абавязковы ўдзел рабочых, мэдыкаў, спартоўцаў.

Якія робяцца крокі па арганізацыі страйку?

Мы размаўляем з прадстаўнікамі актываў прадпрыемстваў. Мы пабудавалі такую структуру, дзе мне не абавязкова размаўляць з тысячамі людзей. Мне дастаткова падзяліцца інфармацый з 5–6 дэлегаванымі асобамі.

Мы размаўляем пра даты, функцыянал, пра ўзаемадапамогу, інфармаваньне рабочых. Мы дзейнічаем крайне акуратна і бясьпечна, каб ніякім чынам не падстаўляць людзей. Уся інфармацыя з імёнамі, назвамі прадпрыемстваў — закрытая.

Напрыклад, трэба загадзя зрабіць пакупкі, каб пасьля не хадзіць па прадукты. У аплікацыі Krama ёсьць чэк-ліст на 4 чалавек на месяц па правядзеньні забастоўкі і ёсьць сьпіс крамаў, якія не зьвязаныя з рэжымам.

Калі страйк пачнецца?

Восеньню. Тут павінен быць фактар нечаканасьці, каб улады не пасьпелі правесьці на прадпрыемствах ідэалягічную апрацоўку або запалохаць рабочых сілавікамі. Мы абвесьцім пра пачатак страйку не пазьней як за 4–5 дзён да яго пачатку.

Менск, кастрычнік 2020 года
Менск, кастрычнік 2020 года

Усё робіцца толькі рабочымі?

Мы на тэлефоннай сувязі са Сьвятланай Георгіеўнай (Ціханоўскай) і НАУ Паўла Латушкі. Дзеяньні мы каардынуем, камунікацыя ёсьць.

Ці зьвязаная ідэя забастоўкі з плянам «Перамога»?

Прадстаўнікі ByPol, калі казалі пра плян «Перамога», то ня раз згадвалі, што забастовачны рух стане трыгерам, спускавым кручком для рэалізацыі пляну «Перамога». Але «Перамога» — гэта не забастоўкі, гэта зусім іншы комплекс мерапрыемстваў. Пачатак агульнанацыянальнай забастоўкі ў Беларусі будзе стартавай адмашкай для рэалізацыі пляну «Перамога».

А што, калі ўлада ня пойдзе на перамовы?

Плян «Перамога» — гэта і ёсьць плян B. Гэта комплекс дзеяньняў, накіраваных на зьмену ўлады ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG