Кібэрпартызаны сьцьвярджаюць, што гэта размова першага намесьніка начальніка УУС Менаблвыканкаму Віталя К., які фігураваў на некалькіх папярэдніх стужках, з рознымі сілавікамі, у ліку якіх начальнік упраўленьня забесьпячэньня аховы правапарадку Менаблвыканкаму Андрэй А.
Запісы былі зробленыя раніцай у дзень выбараў — 9 жніўня 2020 году.
На аўдыё сілавікі загадзя разьмяркоўваюць брыгады хуткай дапамогі паміж турмамі і аддзяленьнямі міліцыі. Таксама яны абмяркоўваюць, як сілавікі будуць перашкаджаць назіральнікам на ўчастку і затрымліваць нязгодных.
Як і ў папярэдніх «зьлітых» размовах, гаворка міліцыянтаў перапоўненая нецэнзурнымі словамі, абразамі адзін аднаго, калегаў і іншых.
Хто такія «Кібэрпартызаны»?
«Кібэрпартызаны» — група хакераў, якая ўтварылася ў другой палове 2020 году. За гэты час ім удалося ўзламаць шэраг сайтаў, пашпартную сыстэму Беларусі, здабыць з розных крыніц інфармацыю з кадастру пра маёмасьць Лукашэнкі і яго атачэньня, пэрсанальныя зьвесткі супрацоўнікаў КДБ і МУС. Група прызналася, што для некаторых узломаў яе людзі пранікалі на «аб’екты рэжыму», каб адкрываць доступ да засакрэчаных базаў.
Улетку 2021 году «Кібэрпартызаны» паведамілі, што ўзламалі базу з запісамі тэлефонаў. Выявілася, што спэцслужбы слухалі тэлефоны афіцэраў і захоўвалі гэтую інфармацыю. Згодна са словамі хакераў, яны дасталі велізарны аб’ём інфармацыі, зь якой апрацаваны і апублікаваны толькі невялікі адсотак.
У канцы ліпеня «Кібэрпартызаны» анансавалі шматузроўневую спэцапэрацыю «Жара». Яны ўзламалі шэраг базаў дадзеных МУС, атрымалі доступ да базаў «АІС пашпарт», службы 102 (экстраныя званкі ў міліцыю), упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС, ДАІ і сэрвэру зь відэазапісамі дронаў МУС.
У папярэдніх апублікаваных зьлівах чуваць, што многія сілавікі давалі канкрэтныя загады біць і катаваць пратэстоўцаў, кідаць іх у экстрэмальныя ўмовы зьняволеньня і там працягваць зьдзекі.