Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя дэталі «зьліву» кібэрпартызанаў з нарады Караева: «Павінны ўсе на ўсіх „стучаць“!»


Юры Караеў
Юры Караеў

Беларускія кібэрпартызаны апублікавалі поўны аўдыёзапіс з сэлектарнай нарады, якую 6 жніўня 2020 году праводзіў тагачасны міністар унутраных спраў Юры Караеў.

16 верасьня хакеры апублікавалі толькі частку «зьліву», а цяпер выклалі ў сеціва ў агульны доступ поўны аўдыёзапіс.

Для зручнасьці праслухоўваньня кібэрпартызаны зрабілі так званыя тайм-коды з асноўнымі тэмамі нарады.

  • 01:14 — Сакрэтныя сьпісы КДБ па прэвэнтыўных арыштах;
  • 03:45 — На выбарчых участках ужо 6 жніўня баяліся;
  • 04:30 — Качанава і Шэйман былі ў курсе спраў;
  • 07:00 — «... закрыйце ўсіх у турму» (Менская вобласьць);
  • 09:40 — Загад не дапускаць сходаў каля ўчасткаў, каб не патрабавалі падлічваць галасы;
  • 10:05 — Калі сабраліся 5 чалавек, гэта ўжо «масавыя беспарадкі»;
  • 10:50 — Шэйман выдае машыны, зьбіраюць «дружыньнікаў» для падаўленьня;
  • 11:20 — Устаноўка не дазволіць людзям патрабаваць ад сяброў камісій прызнаньняў у фальсыфікацыях;
  • 16:15 — Мабілізаваць усіх. Вайскоўцаў таксама;
  • 16:57 — Працуем з КДБ, плянуем затрымаць 19 чалавек (прэвэнтыўна).

Са словаў Юрыя Караева, «Менская вобласьць — першае кальцо абароны». Ён загадаў начальнікам міліцыі, у прыватнасьці ў Круглым, Клімавічах, не выпускаць з гораду нікога, хто мог бы далучыцца да пратэстоўцаў у сталіцы. Таксама з размовы вынікае, што Караеў ня ведае дакладнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі, бо назваў лічбу ў 140 раёнаў, хоць насамрэч у Беларусі іх 118.

У выпадку «нядбайнасьці» начальнікаў раённых аддзелаў Караеў перасьцярог падначаленых, заявіўшы, што «разьбярэцца з кожным» зь іх. Акрамя таго, Караеў заявіў, што павінна весьціся праца з насельніцтвам і павінны «ўсе на ўсіх „стучаць“».

Асобны загад у той дзень паступіў адносна сябраў выбарчых камісій. Тагачасны міністар патрабаваў, каб сілавікі даставілі іх дадому «без пашкоджаньняў псыхікі і цела».

Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Юры Караеў быў звольнены з пасады міністра ўнутраных спраў і атрымаў пасаду памочніка Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці. «Зьлівы» выступаў і перамоваў супрацоўнікаў сілавых структураў апошнім часам сталі рэгулярнымі. Зь іх вынікае, што МУС, КДБ і іншыя арганізацыі рыхтаваліся максымальна жорстка падаўляць незадаволеных фальсыфікацыяй выбараў.

Хто такія «Кібэрпартызаны»?

«Кібэрпартызаны» — група хакераў, якая ўтварылася ў другой палове 2020 году. З таго часу ім удалося ўзламаць шэраг сайтаў, пашпартную сыстэму Беларусі, здабыць з розных крыніц інфармацыю з кадастру пра маёмасьць Лукашэнкі і яго атачэньня, пэрсанальныя зьвесткі супрацоўнікаў КДБ і МУС і шэраг іншага. Група прызналася, што для некаторых узломаў яе людзі пранікалі на «аб’екты рэжыму», каб адкрываць доступ да засакрэчаных базаў.

Улетку 2021 году «Кібэрпартызаны» паведамілі, што ўзламалі базу з запісамі тэлефонаў. Выявілася, што спэцслужбы слухалі тэлефоны афіцэраў і захоўвалі гэтую інфармацыю. Згодна са словамі хакераў, яны дасталі велізарны аб’ём інфармацыі, зь якой апрацаваны і апублікаваны толькі невялікі адсотак. Зь яе дапамогай, у прыватнасьці, яны спадзяюцца праліць больш сьвятла на гібель Генадзя Шутава ад рук сілавіка ў Берасьці.

У канцы ліпеня «Кібэрпартызаны» анансавалі шматузроўневую спэцапэрацыю «Жара». Яны ўзламалі шэраг базаў дадзеных МУС, атрымалі доступ да базаў «АІС пашпарт», службы 102 (экстраныя званкі ў міліцыю), упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС, ДАІ і сэрвэра зь відэазапісамі дронаў МУС.

У папярэдніх апублікаваных зьлівах чуваць, што многія сілавікі давалі канкрэтныя загады біць і катаваць пратэстоўцаў, кідаць іх у экстрэмальныя ўмовы зьняволеньня і там працягваць зьдзекі.

Дзейнасьць хакераў вельмі занепакоіла Лукашэнку, і роўна праз год пасьля мітынгу на МЗКЦ, калі ў руках узломшчыкаў былі пэрсанальныя зьвесткі і інфармацыя пра маёмасьць чыноўнікаў, сілавікоў, праўладных журналістаў і самога Лукашэнкі, ён запатрабаваў узмацніць інфармацыйную бясьпеку і пры патрэбе нават вярнуцца да папяровых носьбітаў інфармацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG