Паводле «Белсату», мужчыну затрымалі ў пачатку верасьня за нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе.
Спачатку яго зьмясцілі ў ІЧУ на завулку Акрэсьціна ў Менску, а празь дзевяць дзён, калі зьняволенаму стала кепска, накіравалі ў лякарню. Аднак стан пацыента імкліва пагаршаўся, ён памёр і на мінулым тыдні пахаваны.
Гэта ня першы падобны выпадак у Беларусі за апошні час. 12 лістапада 2020 году ў Асіповічах затрымалі і асудзілі на 10 сутак 57-гадовага Сяргея Шчацінку. Паводле інфармацыі сваякоў, у ізалятары ён заразіўся на каранавірус і памёр празь месяц, 11 сьнежня 2020 году.
Памёр у шклоўскай калёніі грамадзкі актывіст палітвязень Вітольд Ашурак — родным паведамілі пра сьмерць нібыта ад спыненьня сэрца 21 траўня. У пачатку году закрыты суд у Лідзе пакараў яго 5 гадамі зьняволеньня.
Правабаронцы не выключаюць, што рэальная колькасьць памерлых за кратамі большая, але іхныя сваякі ня хочуць лішняй агалоскі, каб не нашкодзіць жывым.