Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужчына пасьля 10 дзён у ізалятары выйшаў з каранавірусам і неўзабаве памёр


Асіповічы, ілюстрацыйны здымак
Асіповічы, ілюстрацыйны здымак

У Асіповічах пасьля двух тыдняў хваробы з COVID-19 памёр 57-гадовы Сяргей Шчацінка. Інфэкцыю, лічыць сваякі, мужчына падхапіў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Ала Шчацінка расказала Tut.by, што іх з мужам затрымалі 12 лістапада: яе — на працы, яго — дома. З РАУС жанчыну выпусьцілі, а яго адправілі ў ІЧУ.

На наступны дзень быў суд, які прызнаў мужа і жонку вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Алу аштрафавалі на 270 рублёў, Сяргею прызначылі пакараньне ў выглядзе 10 сутак пад арыштам у Асіповіцкім ІЧУ.

На волю ён выйшаў 22 лістапада. Ужо тады казаў, што адчувае сябе так, быццам падхапіў прастуду — сядзеў у адной камэры з мужчынам, у якога была высокая тэмпэратура.

Праз тры дні Сяргей адчуў пагаршэньне здароўя — працаваў сьлесарам на Асіповіцкім заводзе жалезабэтонных канструкцый. Яму адкрылі бальнічны, узялі мазок з насаглоткі для аналізу ПЦР. Ала прайшла гэтую ж працэдуру. У абаіх быў станоўчы тэст на каранавірус.

Наступныя два тыдні сям’я правяла дома. Муж скардзіўся на боль у грудзях, у яго была высокая тэмпература. Аднак брыгада лекараў у шпіталізацыі адмовіла.

11 сьнежня Сяргей Шчацінка памёр. Пайшоў з сынам мяняць колы ў машыне, упаў і больш не падняўся. У пасведчаньні аб сьмерці адзначана, што прычына невядомая. Матэрыялы адправілі на экспэртызу ў Магілёў, вынік будзе праз два месяцы.

«Каранавірус даў мне ўскладненьні на кішачнік, печань. Сяргею, мабыць, на лёгкія. Падчас бальнічнага яму рабілі КТ, якая паказала пашкоджаньне 25% лёгкіх, але ўзровень кіслароду быў у норме», — сказала ўдава.

Ужо пасьля сьмерці Сяргея Шчацінкі яму на працу прыйшло паведамленьне аб аплаце часу знаходжаньня ў ізалятары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG