Гэтую заяву ён зрабіў падчас слуханьняў у Сэнаце, прысьвечаных вываду амэрыканскага кантынгенту з Афганістану. Слуханьні былі арганізаваныя на просьбу заканадаўцаў, многія зь якіх крытыкавалі пасьпешлівы вывад войскаў і хаатычную эвакуацыю з Афганістану амэрыканцаў і афганскіх грамадзян, якія супрацоўнічалі з амэрыканскім кантынгентам.
Паводле генэрала Мілі, амэрыканскія вайскоўцы рэкамэндавалі пакінуць у Афганістане ня менш за дзьве з паловай тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў з тым, каб прадухіліць раптоўны каляпс афганскага ўраду і сіл бясьпекі.
Гэтая заява выклікала рэзкі камэнтар сэнатара-рэспубліканца Дэна Салівана, які нагадаў пра тое, што прэзыдэнт Байдэн сказаў, што не атрымліваў ад вайскоўцаў падобных рэкамэндацый.
Генэрал Мілі прызнаў, што ЗША недаацанілі ўзровень баявой падрыхтоўкі афганскай арміі і яе здольнасьць дзейнічаць без амэрыканскай падтрымкі.
Генэралу Мілі былі таксама зададзены пытаньні аб яго двух тэлефонных размовах з кіраўніком генштабу кітайскай арміі. Падчас адной з гутарак ён запэўніў кітайскага візаві, што ЗША не зьбіраюцца наносіць ўдар па Кітаі. Крытыкі абвінавачваюць генэрала ў тым, што ён парушыў субардынацыю, ведучы падобныя размовы бязь ведама прэзыдэнта Трампа. Мілі патлумачыў, што ён ўзгадняў гэтыя званкі зь міністрам абароны, дзяржсакратаром і прадстаўнікамі іншых ведамстваў.
У сераду ў Сэнаце працягнуцца слуханьні аб вывадзе амэрыканскіх войскаў з Афганістану. Акрамя генэрала Мілі, на слуханьнях выступаюць міністар абароны ЗША Лойд Осьцін і кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ЗША генэрал Франк Макензі.