Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў перадаў замежным спэцыялістам вынікі экспэртызаў у справе сьмерці Віталя Шышова


Акцыя памяці Віталя Шышова ў Кіеве, 3 жніўня 2021 г.
Акцыя памяці Віталя Шышова ў Кіеве, 3 жніўня 2021 г.

Самі вынікі пакуль не публікуюць.

Кіеўская гарадзкая пракуратура атрымала вынікі асноўных судова-мэдычных экспэртызаў у справе пра сьмерць кіраўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова і перадала іх на вывучэньне замежным экспэртам.

«Атрыманьне вынікаў асноўных экспэртызаў дазволіла выдаць цела для пахаваньня», — паведамілі ў прэсавай службе Кіеўскай гарадзкой пракуратуры, якая ажыцьцяўляе працэсуальнае кіраўніцтва расьсьледаваньнем гэтай справы.

Як вынікае з адказу пракуратуры, сьледчыя не перакваліфікавалі артыкулы, паводле якіх расьсьледуюць гэтую справу. Дагэтуль афіцыйныя вэрсіі — самагубства або забойства з імітацыяй самагубства.

«Атрыманыя вынікі экспэртызаў перакладзеныя і накіраваныя на вывучэньне замежным экспэртам. На гэты час дасудовае расьсьледаваньне ў крымінальнай вытворчасьці працягваецца паводле той жа кваліфікацыі», — дадалі ў пракуратуры.

6 верасьня міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што сьледзтва ў справе аб сьмерці Віталя Шышова ўжо вызначылася з вэрсіяй трагедыі.

Пра гэта Дзяніс Манастырскі заявіў у інтэрвію агенцтву «Інтерфакс-Україна», адказваючы на пытаньне, ці зразумела ўжо, што гэта было — самагубства ці забойства.

«Для сьледзтва ўжо зразумела (што гэта было — самагубства ці забойства), але няхай усё ж скажа само сьледзтва», — сказаў міністар. Ён не адказаў на пытаньне, ці зьвярталіся па дапамогу ў гэтай справе да беларускіх сілавых структураў.

Раней сьледчыя паведамілі, што ў справе аб сьмерці Віталя Шышова пацярпелым бокам прызналі ягонага блізкага сваяка, якому дазволяць азнаёміцца з матэрыяламі расьсьледаваньня, а да правядзеньня экспэртызаў далучылі замежных спэцыялістаў зь Літвы.

Віталя Шышова пахавалі 26 верасьня на Паўночных могілках Кіева.

Адзін з заснавальнікаў «Беларускага дома ва Ўкраіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён, як звычайна, пайшоў на прабежку і не вярнуўся. Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG