Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што сказаў пра справы Шарамета і Шышова новы міністар унутраных справаў Украіны


Дзяніс Манастырскі
Дзяніс Манастырскі

Міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што сьледзтва ў справе пра сьмерць прадстаўніка «Беларускага дома ва Ўкраіне» Віталя Шышова ўжо вызначылася з вэрсіяй трагедыі.

Пра гэта Дзяніс Манастырскі заявіў у інтэрвію агенцтву «Інтерфакс-Україна», адказваючы на пытаньне, ці зразумела ўжо, што гэта было — самагубства ці забойства.

«Для сьледзтва ўжо зразумела, але няхай усё ж скажа само сьледзтва», — сказаў міністар. Ён не адказаў на пытаньне, ці зьвярталіся па дапамогу ў гэтай справе да беларускіх сілавых структур.

Паводле яго, экспэртызы ўжо завершаныя. «Магу сказаць, што паліцыя цяпер далучыла міжнародных экспэртаў для рэцэнзій высноў атрыманых экспэртыз. Калі будуць атрыманыя высновы, мы абвесьцім інфармацыю, якая ёсьць».

Раней сьледчыя паведамілі, што ў справе пра сьмерць Віталя Шышова пацярпелым бокам прызналі ягонага блізкага сваяка, якому дазволяць азнаёміцца з матэрыяламі расьсьледаваньня, а да правядзеньня экспэртыз далучылі міжнародных спэцыялістаў зь Літвы.

Адзін з заснавальнікаў «Беларускага дома ва Ўкраіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён, як звычайна, пайшоў на прабежку і не вярнуўся. Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому.

У паліцыі назвалі дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства.

Пра справу Паўла Шарамета

Камэнтуючы справу пра забойства журналіста Паўла Шарамета, Дзяніс Манастырскі паведаміў, што не знаёміўся з матэрыяламі гэтай справы. «У міністра ёсьць шмат інфармацыі, але глядзець матэрыялы крымінальнай вытворчасьці ён ня мае права. Справа знаходзіцца ў судзе, і ў гэтым пытаньні рашэньне павінен ухваліць суд. Іншага шляху няма».

Паводле міністра, сьледзтва вывучае ўсе вэрсіі, у тым ліку і магчымы беларускі сьлед. «Пакуль што ўсё гэта вывучаецца, адбываюцца дадатковыя сьледчыя дзеяньні, але я хацеў бы казаць пра іх толькі пасьля таго, як будзе рашэньне ў дачыненьні да выканаўцаў».

Дзяніс Манастырскі ўдакладніў, што зрухі ў расьсьледаваньні справы пра заказчыкаў забойства журналіста могуць быць толькі пасьля рашэньня суду ў дачыненьні да выканаўцаў злачынства.

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст, выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 году ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.

Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году на брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. На наступны дзень пасьля брыфінгу ўсіх траіх падазраваных затрымалі:

Андрэй Антоненка. Музыка, добраахвотнік, службовец Сілаў спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Украіны. Сёлета ў красавіку вызвалены пад хатні арышт пасьля таго, як 505 дзён адседзеў у сьледчым ізалятары.

Юлія Кузьменка. Хірург-кардыёляг, вайсковая лекарка, працавала ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Вызваленая пад хатні арышт у жніўні 2020-га, адседзела ў СІЗА больш за 7 месяцаў.

Яна Дугар. Вайсковая мэдсястра. Ад пачатку ўтрымлівалася пад начным хатнім арыштам, а летась суд зьняў зь яе і электронны бранзалет (дапамагае дыстанцыйна адсочваць усе перамяшчэньні асобы, у дачыненьні да якой праводзіцца сьледзтва).

Усе трое адхіляюць сваю датычнасьць да забойства. З верасьня 2020 году іхную справу разглядае суд. Справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі выдзелілі ў асобнае вядзеньне ў чэрвені 2020 году. Яе дагэтуль расьсьледуюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG