Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталя Шышова пахавалі праз 55 дзён пасьля гібелі


Партрэт Віталя Шышова пасьля акцыі яго памяці ў Кіеве
Партрэт Віталя Шышова пасьля акцыі яго памяці ў Кіеве

На пахаваньні прысутнічалі толькі блізкія.

26 верасьня, на 55 дзень пасьля забойства, адбылося пахаваньне кіраўніка Беларускага дому ва Ўкраіне Віталя Шышова. Прысутнічалі толькі блізкія, гэта было сумесным рашэньнем, паведамляе тэлеграм арганізацыі.

Актывіста, які загінуў пры нявысьветленых абставінах, пахавалі на Паўночных могілках у Кіеве.

«Дзякуем усім, хто сабраўся на цырымоніі і ўсім, хто прыйдзе ўшанаваць памяць Віталя на Майдан. Нагадваем, што ў наступную нядзелю плянуецца адкрытая памінальная служба па Віталю», — дадаў канал Беларускага дому ва Ўкраіне.

Беларуса, які быў адным зь лідэраў «Беларускага дому ва Ўкраіне», знайшлі павешаным 3 жніўня.

Праахоўныя органы разглядалі вэрсіі самагубства і забойства. Вынікі экспэртызы невядомыя. Адвакат мае падпіску аб невыдаваньні.

Віталь Шышоў пераехаў у Кіеў летась. На пасадзе кіраўніка «Беларускага дома ва Ўкраіне» Шышоў у тым ліку дапамагаў іншым беларусам-уцекачам у пошуку працы, жытла і ўладкаваньня на новым месцы.

Гібель Віталя Шышова. Што вядома

  • Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
  • Шышоў адміністраваў тэлеграм-канал «Беларускі дом ва Ўкраіне» і сайт гэтай арганізацыі. Сябры сьцьвярджаюць, што ён удзельнічаў у падрыхтоўцы акцыяў, зваротаў, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
  • Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне» на другі дзень пошукаў. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
  • Былы міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць прадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
  • Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
  • Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён неаднаразова заўважаў за сабой сачэньне.
  • Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
  • Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG