Як стала вядома «Нашай Ніве», затрыманы буйны дзеяч на рынку нерухомасьці ў Менску — Віталь Сініцкі. Ён кіруе кампаніяй «Сігмаполюс», якой належаць менскія бізнэс-цэнтры «Тытан», «Цівалі», «Арлан», «Хваля», «Анкор», гандлёвы цэнтар «Трум», прамысловая база на Гурскага і іншыя. Таксама Сініцкі займаецца забудовай участку насупраць тэатру Музкамэдыі на Нямізе.
У сьвежым рэйтынгу пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў ад «Ежедневника» Сініцкі займае 38-е месца.
Паводле інфармацыі крыніц, Сініцкі, назіраючы за сытуацыяй з кампаніяй «21vek», напісаў на сябе заяву ў падатковую з просьбай правесьці праверку ягоных справаў.
Праверка па выніках заявы адбылася. На мінулым тыдні Сініцкі чакаў агучваньня вынікаў, але раптоўна зь ім зьнікла сувязь.
Жонка Сініцкага адмовілася камэнтаваць інфармацыю пра арышт мужа.