Іран і Вэнэсуэла, якія знаходзяцца пад амэрыканскімі санкцыямі, заключылі зьдзелку аб узаемным экспарце нафтавых прадуктаў. Гаворка ідзе пра абмен вэнэсуэльскай сырой нафты на іранскі газакандэнсат, з дапамогай якога Каракас зможа палепшыць якасьць сваёй смалістай неапрацаванай нафты.
Першыя партыі павінны быць дастаўленыя ў абедзьве краіны ўжо на гэтым тыдні, паведамілі пяць крыніц, знаёмых з умовамі дамовы.
- Па словах крыніц, Вэнэсуэла імкнецца павялічыць экспарт сваёй нафты, які памяншаецца з прычыны ўведзеных ЗША санкцый. Зьдзелка, заключаная паміж дзяржаўнымі канцэрнамі Petroleos de Venezuela (PDVSA) і Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй (NIOC), паглыбляе супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі, варожымі да Вашынгтону.
Паводле крыніц, першапачатковае пагадненьне заключана на шэсьць месяцаў, аднак можа быць падоўжанае.
- Зьдзелка можа патэнцыйна зьяўляцца парушэньнем санкцыйнага рэжыму, усталяванага ЗША ў адносiнах да абедзьвюх краін. Пра гэта гаворыцца ў пісьмовым адказе Міністэрства фінансаў ЗША агенцтву Reuters у якім згадваюцца распараджэньні адміністрацыі ЗША, якія ўстанаўліваюць пакараньне за падобныя парушэньні.
- Санкцыі, уведзеныя ЗША, ня толькі забараняюць амэрыканцам весьці справы з нафтавымі кампаніямі з Ірана і Вэнэсуэлы, але таксама пагражаюць «другаснымі санкцыямі» супраць фізычных або юрыдычных асоб, якія не зьяўляюцца грамадзянамі ЗША і не знаходзяцца ў амэрыканскай юрысдыкцыі, якія заключаюць зьдзелкі зь іранскім і вэнэсуэльскім нафтавым сэктарам.
Другасныя санкцыі ўключаць у сябе забарону на доступ да амэрыканскай фінансавай сыстэме і замарожваньне актываў, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі ЗША.
Санкцыі ў дачыненьні да абедзьвюх краін прывялі да скарачэньня іх нафтавага экспарту ў апошнія гады. Іран аказвае падтрымку Вэнэсуэле для экспарту нафты ў краіны Азіі, у тым ліку, з дапамогай транспарціроўкі і абмену палівам.