Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карантын і ўцёкі зь міграцыйнага цэнтра. Як жывуць уцекачы, якія трапілі ў Латвію празь Беларусь


Цэнтар для ўцекачоў у Латвіі
Цэнтар для ўцекачоў у Латвіі

За два месяцы з цэнтра па ўтрыманьні мігрантаў у Латвіі зьбеглі 85 мігрантаў, якія трапілі ў краіну празь беларускую мяжу. У цэнтры аб’яўлены карантын, што выклікала пратэсты з боку грамадзян Ірака і Ірана, якія там утрымліваюцца.

У цэнтар па ўтрыманьні мігрантаў недалёка ад Рыгі трапляюць людзі, якія хочуць атрымаць статус бежанцаў у Латвіі. Увесь апошні год тут знаходзіліся ў асноўным грамадзяне Беларусі — людзі, якія пацярпелі ад перасьледу ўладаў. Але цяпер асноўны кантынгент тут — гэта грамадзяне Ірака і Ірана, якія незаконна перасеклі латвійска-беларускую мяжу. Амір Чані перайшоў мяжу з групай празь лес два месяцы таму.

«Я прыехаў з кантрабандыстамі. Яны прывялі мяне сюды. Маё жыцьцё ў Іране была пад пагрозай. Кантрабандысты пераправілі мяне ў Латвію», — расказвае грамадзянін Ірана Амір Чані.

Па словах Аміра, ён пераходзіў мяжу разам з жонкай і заплаціў за гэта 12 тысяч эўра. Гэта былі ўсе яго зьберажэньні.

«Я павінен быў прадаць усё ў Іране і прыйшоў сюды, таму што маё жыцьцё было ў небясьпецы. У небясьпецы з прычыны дыктатарскага рэжыму ў Іране. Іранскі ўрад — гэта дыктатура. У Іране мая жонка была цяжарная, але яна страціла дзіця праз моцны стрэс», — працягвае Амір Чані.

Цяпер Амір хоча атрымаць статус палітычнага ўцекача. Латвійскія чыноўнікі некалькі месяцаў будуць правяраць дакумэнты і ўсю інфармацыю. Калі высьветліцца, што на радзіме яму сапраўды пагражае небясьпека, ён атрымае статус бежанца ў Латвіі. Калі гісторыя не пацьвердзіцца — Аміра дэпартуюць назад у Іран.

«Мне ня важна, у якой эўрапейскай краіне знаходзіцца. Мне важны камфорт. Я запытаў прытулак ва ўрада Латвіі не дзеля таго, каб потым зарабіць тут грошай. У мяне няма ніякіх чаканьняў, я проста хачу адчуваць сябе ў бясьпецы», — кажа Амір.

З пачатку жніўня з цэнтра зьбеглі 85 чалавек.

«Наш цэнтар — гэта ўстанова вольнага тыпу. Гэта значыць, што суіскальнікі прытулку, калі няма карантыну, могуць свабодна пакідаць тэрыторыю цэнтра. Хадзіць у краму ці проста на шпацыр. Ну ці проста зьбегчы. Дык гэта і адбылося», — расказвае прадстаўнік Упраўленьня грамадзянства і міграцыі Мадара Пуке.

Палову мігрантаў, якія ўцяклі, у выніку злавілі на літоўска-польскай мяжы і вярнулі назад. А ў самым цэнтры ўжо ў другі раз абвясьцілі карантын праз ўспышку каранавіруса. Людзям нельга выходзіць на вуліцу.

У цэнтры па ўтрыманьні мігрантаў адзіночак разьмяшчаюць у будынках па тыпу інтэрнатаў. А мігрантаў, якія прыбылі сюды з семʼямі, — у кватэрных дамах. У кожнай сямʼі свая кватэра. З прычыны ўспышкі каранавіруса два тыдні таму тут быў абʼяўлены карантын. Мігранты цяпер ня могуць пакідаць тэрыторыю цэнтра. На мінулым тыдні праз гэта тут былі хваляваньні, і зараз у цэнтры дзяжурыць дадатковы нарад паліцыі. Зараз тэрыторыя цэнтра абгароджана з усіх бакоў. У мігрантаў ёсьць магчымасьць замаўляць сабе дастаўку ежы і прадуктаў.

Пасьля ўцёкаў мігрантаў зьявілася інфармацыя, што дырэктар цэнтра сышоў на бестэрміновы бальнічны, а намесьнік дырэктара звольніўся. Зараз арганізацыяй жыцьця мігрантаў займаюцца тыя супрацоўнікі, што засталіся. Дапамагаюць і дабрачынныя арганізацыі. Па афіцыйных дадзеных, у цэнтры зараз 262 чалавекі. Гэта мігранты, якія здолелі перасекчы мяжу Латвіі празь Беларусь. Зараз латвійская памежная служба больш не прапускае празь мяжу мігрантаў, людзей проста адпраўляюць назад, у бок Беларусі. А новыя просьбы аб прадастаўленьні статусу бежанцаў больш не прымаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG