Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адзначаецца рост падлеткавай наркаманіі, нягледзячы на высокія турэмныя тэрміны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як выявілася, строгае заканадаўства па «наркатычных» артыкулах не спрыяе зьніжэньню спажываньня наркотыкаў і псыхатропаў.

Сярэдні ўзрост далучэньня да наркотыкаў у Беларусі сёньня складае 13 гадоў, паведаміла УУС Гомельскага аблвыканкаму. Аднак ужо выяўленыя выпадкі наркатычнай залежнасьці ў дзяцей ва ўзросьце 9-10 гадоў.

Па дадзеных выбарачных апытаньняў, 44% хлопчыкаў і 25% дзяўчынак спрабавалі хаця б аднойчы ў сваім жыцьці наркотыкі і іншыя псыхаактыўныя рэчывы. Колькасьць падлеткаў-наркаманаў, якія ўпершыню зьвярнуліся па мэдычную дапамогу з гэтай нагоды, за апошнія гады ў Беларусі вырасла на чвэрць.

Пры гэтым сярод спажыўцоў наркотыкаў пераважае моладзь ва ўзросьце да 30 гадоў, і тэмпы росту наркаманіі ў гэтым асяродзьдзі самыя высокія.

У Беларусі за кратамі знаходзіцца 36-гадовы блогер Павал Сьпірын. Сёлета ў лютым яго асудзілі да 4,5 гадоў зьняволеньня паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасьці».

У журналісцкім расьсьледаваньні, якое ён выклаў у фільме «Грань», Сьпірын на аснове атрыманай інфармацыі сьцьвярджаў, што да абароту наркотыкаў маюць прамое дачыненьне канкрэтныя асобы зь кіраўніцтва сілавога блёку Рэспублікі Беларусь. Улады вызналі фільм экстрэмісцкім, а таксама пачалі супраць блогера крымінальную справу.

У Беларусі адказнасьць за нарказлачынствы наступае з 14 гадоў. Цяпер некалькі соцень падлеткаў ад 14 да 18 гадоў адбываюць 9-13-гадовыя тэрміны пакараньня за пашырэньне наркотыкаў. Статыстыкі, якая б паказвала, што павелічэньне турэмнага зьняволеньня за нарказлачынствы спрыяе зьніжэньню іх колькасьці, няма. Заканадаўства па гэтым пытаньні ў розных краінах Эўропы мае вялікія разыходжаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG