Вадзіма Ермашука, вядомага як блогер Vadimati, узялі пад варту 24 верасьня, паведаміў Hrodna.life з спасылкай на блізкіх Ермашука. Гэта адбылося за дзень да заканчэньня 40 дзён ягонага адміністрацыйнага арышту.
Вадзіма Ермашука затрымалі 16 жніўня. Спачатку яго асудзілі за заклікі на спартовую імпрэзу, потым — за нецэнзурныя выказваньні на адрас ЖКГ і гарвыканкаму.
16 верасьня стала вядома, што на Вадзіма Ермашука завялі дзьве крымінальныя справы:
- за абразу Лукашэнкі (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі),
- за абразу дзяржаўнага сьцяга Беларусі (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу).
Яму пагражае да 4 гадоў калёніі.