Што да самой назвы «Моднага моўнага клюбу», тут ёсьць дзьве прычыны, чаму абралі менавіта «Гоман». Па-першае, «гоман» — гэта гаворка, тлумачыць філёляг, пісьменьнік Аляксей Шэін.
«Мы гамонім, гаворым, размаўляем — гэты гоман чуваць, і было б добра, каб гэтага беларускага гоману станавілася больш. Ну, і гэта адсылка да тых спробаў беларускай інтэлігенцыі аднавіць беларускі рух у канцы XIX — пачатку ХХ стагодзьдзя, калі спачатку ў Санкт-Пецярбургу, а потым у Вільні выдавалася газэта „Гоман“», — тлумачыць ён.
«Беларуская мова ў пасіве ёсьць у кожнага беларуса»
Аляксей Шэін мае багаты досьвед выкладаньня беларускай мовы: 9 сэзонаў ён вёў курсы «Моваведа» офлайн. Цяпер вырашыў паспрабаваць выйсьці ў онлайн.
«Сустрэліся неяк з Паўлам Белавусам з грамадзкай кампаніі „Годна“, прыйшлі да ідэі пашырыць курсы, вывесьці іх у онлайн. Наша мэта — паспрыяць, каб беларусы пачалі пераходзіць на беларускую мову, таму што ёсьць такі запыт у грамадзтва пасьля мінулага году, ён відавочны. Трэба, каб людзі адчувалі, што яны беларусы, жывуць у Беларусі».
Многія хочуць загаварыць па-беларуску, але ў некага не хапае ведаў, у некага — псыхалягічны бар’ер. Аднак беларуская мова ў пасіве ёсьць у кожнага беларуса, — перакананы Аляксей Шэін.
«І наша мэта — беларускую мову, якая ў пасіве ёсьць у кожнага беларуса, перавесьці ў актыў. Калі чалавек тут нарадзіўся, нават калі вучыўся ў расейскамоўнай школе — ён мову ведае, проста ў яго няма практыкі ўжываньня. Мы хочам падштурхнуць чалавека, каб у яго ўзьнікла жаданьне гаварыць зь сябрамі, дома. Яму неабходны лексычны базіс, каб хапала слоў. І мы вырашылі падаваць гэта не ў акадэмічнай форме, а ў лёгкай, нязмушанай, часам жартаўлівай», — тлумачыць Аляксей Шэін.
«Мы не забураемся ў тонкасьці беларускай мовы, кшталту канчаткаў назоўнікаў»
Сцэнар пішацца загадзя, перад эфірам вядоўцы сустракаюцца, абмяркоўваюць, пра што будуць размаўляць, — дзеліцца сакрэтамі «творчай кухні» другі вядоўца «Гоману», музыка Андрусь Такінданг.
«Мы стараемся прытрымлівацца сцэнару, але не асабліва строга. У кожным выпуску — вялікая доля імправізацыі і жартачкі. Выбіраем тэмы, прыдатныя для паўсядзённага жыцьця, пра тое, што атачае чалавека. Каб чалавек, які хоча авалодаць мовай, пачынаў не з высокіх матэрый, а менавіта з пабытовых рэчаў.
Пачынаць трэба з простых словаў. Таму мы найперш раім выбраць спачатку нейкія нэўтральныя словы. У першым выпуску раілі замест „здрасьце“ казаць „добры дзень“.
Бо ёсьць два варыянты загаварыць па-беларуску. Ты прачынаесься ранкам і кажаш сабе: „Усё, я гавару толькі па-беларуску“. А ёсьць варыянт больш „лайтовы“ — паступова ўводзіць беларускія словы ў мову, якой ты карыстаесься: тыя ж „добры дзень“, „дзякуй“, „калі ласка“. Чалавек зробіць першы крок, а пасьля будзе лягчэй», — мяркуе Андрусь Такінданг.
Ужо выйшлі тры выпускі «Гоману»: «Словы вітаньня, прабачэньня, просьбы, падзякі», «Кухня і посуд», «Прадукты і ежа».
Выпускі будуць выходзіць 2 разы на месяц на канале «Годна». Тыя цікавыя відэа, якія не ўвайшлі ў асноўны выпуск, выходзяць на плятформе Tiktok.
«Мы не забураемся ў тонкасьці беларускай мовы, кшталту канчаткаў назоўнікаў у родным склоне. Такога ня будзе. Калі чалавек навучыцца гаварыць, няхай пасьля ўдасканальвае свае веды. Наша задача — даць аснову: як называюцца рэчы, якія ён носіць, як называюцца стравы, ежа, што чалавека атачае. Будуць заняткі, да прыкладу, пра аўтамабіль, пра правілы дарожнага рух, пра кампутары, гаджэты, інтэрнэт», — запэўнівае Аляксей Шэін.
Ня толькі пра мову. Але і пра музыку, падарожжы, кнігі
Акрамя лексыкі, сынонімаў, шматлікіх варыянтаў слоў і выразаў, вядоўцы дыскутуюць, жартуюць, расказваюць сьмешныя гісторыі, а таксама падаюць цікавыя зьвесткі пра беларускую культуру.
«Бо часам людзі, якія прыходзяць на заняткі, такія „нэафіты“ — у добрым сэнсе гэтага слова. Яны хочуць гаварыць па-беларуску, але шмат чаго ня ведаюць: якія ёсьць цікавыя беларускія кнігі, якую музыку можна паслухаць, куды зьезьдзіць — людзям гэтага не хапае. Таму ў нас ёсьць такая рубрыка — „Топ-5“: кніг, мясьцін, адметнасьцяў і гэтак далей. Імкнёмся, каб ня толькі мова, але і культура ў шырокім сэнсе пранікала ў гарадзкі беларускі люд», — дадае Аляксей Шэін.
Мяркуючы па камэнтарах пасьля кожнага выпуску, глядзіць відэаўрокі ня толькі моладзь — людзі сталага веку таксама, сьцьвярджае Андрусь Такінданг.
«Мяне цешыць, што пасьля кожнага выпуску зьяўляецца па 300–400 камэнтароў. Людзі свае варыянты прапануюць, узгадваюць назвы некаторых страў, якія яны елі ў дзяцінстве. У нас жывыя стасункі, ёсьць зваротная сувязь — цябе могуць пакрытыкаваць, выправіць, пахваліць. І гэта натхняе рабіць новыя выпускі.
Пасьля 12 заняткаў, калі чалавек будзе слухаць і выконваць хатнія заданьні, ён сам не заўважыць, як пакрысе стане беларускамоўным, а потым будзе бачыць сны па-беларуску», — перакананы Андрусь Такінданг.
Тэлеграм-канал «Супер Мова»