Дата дня
25 верасьня 1765 году нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі, кампазытар, дыплямат, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня 1794 г.
Цяжка ўявіць жыхара Беларусі, які б ня ведаў незабыўнай, узьнёслай і напоўненай сьветлай тугою мэлёдыі палянэзу Міхала Клеафаса Агінскага «Разьвітаньне з Айчынай». Не выпадкова на пачатку 1990-х гучалі прапановы зрабіць яго дзяржаўным гімнам незалежнае Беларусі.
Хтосьці паспрабуе запярэчыць: маўляў, аўтар палянэзу нарадзіўся пад Варшавай, быў палякам. Але ў мэмуарах ён недвухсэнсоўна пісаў: «Паходжу зь ліцьвінскага роду. Незалежна ад намаганьняў рознага кшталту дзяржаўных дзеячаў нас, ліцьвінаў, немагчыма схіліць адмовіцца ад нашых правоў». Шчодра надзелены разнастайнымі талентамі, граф Міхал Клеафас стаў самым знакамітым прадстаўніком свабодалюбнага роду.
У дваццаць гадоў — дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай, у дваццаць пяць — пасол у Галяндыі, а затым у Вялікабрытаніі, у дваццаць восем — падскарбі, або, сучаснай моваю, міністар фінансаў Вялікага Княства Літоўскага. Але, калі выбухнула паўстаньне Касьцюшкі, малады міністар адмовіўся ад пасады і на ўласныя грошы стварыў і ўзброіў батальён зь пяці сотняў стрэльбаў ды шабляў. Родавы герб на сваёй пячатцы ён замяніў на дэвіз «Воля, вернасьць, незалежнасьць».
Паўстанцы Агінскага разграмілі вялікі аддзел царскіх казакоў пад Валожынам, адважна дзейнічалі на Браслаўшчыне і пад Дынабургам (Дзьвінскам). Міхала Клеафаса штораз бачылі ў самай гушчыні бою, некалькі разоў ён адно дзівам застаўся жывы. Напісаны Агінскім «Марш паўстанцаў 1794 году» сьпявалі нашы ваяры на ўсім абшары Княства.
Калі карнікі генэрала Аляксандра Суворава разьбілі паўстанцаў, граф мусіў весьці жыцьцё выгнанца ў розных эўрапейскіх краінах, але ўрэшце вярнуўся ў паняволеную Айчыну. Надзеі на адраджэньне незалежнасьці Вялікага Княства Агінскі спачатку зьвязвае з Напалеонам, у гонар якога стварыў опэру «Банапарт у Каіры». Ён сустракаецца з францускім імпэратарам, піша яму поўны спадзяваньняў ліст і — не атрымлівае адказу. Застаецца нязьдзейсьненым і праект аднаўленьня Княства, пададзены Аляксандру І.
На шчасьце, ні крах палітычных праектаў, ні два нешчасьлівыя шлюбы ня здолелі прымусіць замаўчаць музу Агінскага. Ягоны маёнтак Залесьсе пад Смаргоньню ператвараецца ў адну з культурных сталіц краю і неафіцыйна завецца Паўночнымі Афінамі. Творы Міхала Клеафаса выходзяць у Вене, Парыжы, Лёндане. Асабіста апладыруюць яму Гайдн і Моцарт.
Але над Залесьсем гусьцеюць хмары. Каляніяльныя ўлады пачынаюць арыштоўваць блізкіх знаёмых графа — сяброў таемных таварыстваў. Пакідаючы Айчыну, Агінскі і стварае палянэз, які стаў рэквіемам па дарагой ягонаму сэрцу цывілізацыі.
Апошні зямны прыстанак ён знайшоў у пантэоне флярэнтыйскай базылікі Санта Крочэ побач з Галілеем, Мікелянджэлё, Расіні і Мак’явэлі.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 32-33.
У гэты дзень год таму
- Латвія, Літва і Эстонія агучылі пашыраныя сьпісы пэрсанальных санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў.
- Міністэрства інфармацыі зьвярнулася ў суд з пазовам аб спыненьні выпуску інтэрнэт-выданьня TUT.BY.
- Першы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў прывітаў пратэсты ў Беларусі.
Гэты дзень у гісторыі
1921 — у Празе пачалася Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя. Прысутнічалі 37 дэлегатаў ад арганізацый і партый Заходняй Беларусі ды шмат якіх краінаў Эўропы. Канфэрэнцыя пацьвердзіла, што адзіным заканадаўчым органам для Беларусі зьяўляецца Рада Беларускае Народнай Рэспублікі.
1971 — адкрыўся мэмарыяльны комплекс «Берасьцейская крэпасьць — герой».
У гэты дзень нарадзіліся
1875 — Сяргей Паўловiч, багаслоў, пэдагог, перакладчык, дзяяч у галіне царкоўнае асьветы.
1887 — Уільям Фолкнэр, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.
1895 — Ванда Лявіцкая (у замужжы Лёсік), пісьменьніца, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.
Хранічная беларуская хвароба, уласьцівая, на жаль, і многім нібыта нацыянальна арыентаваным сучасьнікам, — выхаваная за два стагодзьдзі русіфікацыі расейскацэнтрычнасьць.
Нашых мастакоў або пісьменьнікаў крытыкі абавязкова параўноўваюць з расейскімі. Вынаходніка субмарыны Казімера Чарноўскага называюць «беларускім Кулібіным».
А жонкі нашых палітвысланцаў пачатку 1930-х (пазьней ужо давалі канцлягер або расстрэльвалі), што паехалі ўсьлед за мужамі ў далёкія дзікія краі, ведама ж, бралі прыклад з жонак дзекабрыстаў. Зусім ня маючы на мэце паставіць пад сумнеў гераізм верных спадарожніц першых расейскіх рэвалюцыянэраў, заўважу, што іхні прыклад тут абсалютна ні пры чым. Нашым жанчынам з пракаветных часоў (пагатоў цягам стагодзьдзяў яны мелі нязьмерна болей правоў, чым расейкі) самім ставала мужнасьці, адвагі й рашучасьці, якім магла б пазайздросьціць і нібыта мацнейшая палова нацыi.
Ванда Лявіцкая была адзінай дачкою пісьменьніка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага). Пасьля Вышэйшай пачатковай вучэльні ў Радашкавічах яна рыхтавалася да экзамэнаў на вясковую настаўніцу, але гэтаму намеру ўрэшце перашкодзілі каталіцкае веравызнаньне і пачатак Першай усясьветнай вайны.
Далейшы шлях прыгажуні Ванды прадвызначыла сямейнае выхаваньне. Асталяваўшыся з 1914 году ў Менску, яна працавала ў Беларускай кнігарні й гарадзкой бібліятэцы імя Пушкіна, куды яе рэкамэндавала сама Цётка.
Потым была выхавацелькай і выкладчыцай у беларускіх дзіцячых прытулках і ў Першай менскай беларускай школе.
Яна ліставалася з Максімам Багдановічам. Магчыма, найперш якраз да Ванды ехаў паэт зь Яраслаўлю ў 1916-м.
Пазьней Лявіцкая стала жонкаю палітыка, навукоўца і пісьменьніка, аднаго з стваральнікаў БНР Язэпа Лёсіка.
Іх зблізіла ня толькі каханьне, але і тое, што Ванда таксама займалася літаратурнай творчасьцю: друкавала вершы й апавяданьні ў «Нашай Ніве», газэтах «Беларусь» і «Вольная Беларусь».
Калі Язэпа Лёсіка арыштавалі ў справе Саюзу вызваленьня Беларусі, Ванда, каб дзеці не загінулі ад голаду, бралася за любую працу — пасудамыі, разносчыцы тэлеграмаў, а як гэта сталася магчымым, паехала да высланага мужа, каб дзяліць зь ім усе нягоды да паўторнага, ужо фатальнага арышту каханага Язэпа ў 1938-м.
Дзеці Лёсікаў — Люцыя, Алеся й Юры — у Беларусь не вярнуліся, на што, безумоўна, паўплываў трагічны лёс бацькі. Ванда па чарзе жыла ў іх у Расеі. Яна перажыла мужа на тры дзесяцігодзьдзі, а свой апошні спачын знайшла ў стаўрапольскім пасёлку, куды некалі выправілася да Язэпа ў высылку.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 280-281.
1906 — Дзьмітры Шастаковіч, расейскі кампазытар.
1913 — Сяргей Грахоўскі, беларускі паэт.
1938 — Вячаслаў Целеш, беларускі мастак, дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі.
1938 — Мечыслаў Грыб, генэрал-лейтэнант міліцыі, у 1994-1996 гадах — старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь.
1951 — Пэдра Альмадовар, гішпанскі кінэматаграфіст.
1962 — Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна».
У памяці
1970 — Эрых Марыя Рэмарк, нямецкі пісьменьнік.
1996 — Мікола Селяшчук, мастак, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1980–1990-х.
Апынуўшыся на Адрыятычным узьбярэжжы, я кожны раз, заходзячы ў неверагодна чыстую смарагдавую ваду, мусіў пераадольваць псыхалягічны бар’ер: з другога боку Апэнінскага «батфорту» такое самае цёплае ласкавае мора забрала жыцьцё майго добрага прыяцеля Міколы Селяшчука — мастака зь вечна затоенай у нібыта вясёлых вачах тугою.
Нейкі час мы жылі зь ім у суседніх панэльных дамах у менскай Серабранцы, і Мікола часта падвозіў мяне на «Волзе» у «горад».
Ён меў ненашмат больш гадоў, але мне здавалася, што ягоныя творы, прынамсі, фантасмагарычныя ілюстрацыі да народных казак, я памятаю ад школы. Селяшчук, Селя, быў і застаецца для мяне мэтрам, адным з самых улюбёных беларускіх мастакоў. Думаю, што не для мяне аднаго: на выставах каля ягоных карцінаў заўсёды клубілася публіка.
Я й цяпер бязь цяжкасьці — быццам перагортваю альбом рэпрадукцыяў — бачу яго палотны: «Наведваньне сядзібы Агінскага ў Залесьсі», «Матылькі тут не жывуць», «Гучаньне музыкі нябёсаў», «Люблю цябе сустракаць»...
Мікола быў адным з тых, каму яшчэ за савецкім часам пашчасьціла вырвацца за мяжу. Прагна пашыраючы для сябе сьвет, ён і сам імкнуўся адкрыцца сьвету сваім мастацтвам.
Яго падкрэсьлена далёкія ад апавядальнасьці працы, што ўдала спалучаюць сюррэалістычную манеру з вобразамі беларускага фальклёру й гісторыі, можна ўбачыць у галерэях розных краінаў і кантынэнтаў — ад Фінляндыі ажно да Экватарыяльнай Гвінэі.
Апошні раз мы сустрэліся зь Селем на Чарнобыльскім шляху 1996-га. Ён апынуўся ў самым эпіцэнтры гарачых падзеяў на плошчы Якуба Коласа і потым шмат разоў мільгаў на тэлеэкранах, зь якіх краіну страшылі нацыяналістамі, экстрэмістамі ды іншымі «дэструктыўнымі элемэнтамі». Гэта зусім не стасавалася зь ягоным характарам, і калі Селю казалі, што ўчора той зноў учыняў у тэлевізары беспарадкі й перакульваў машыны, ён страшэнна бянтэжыўся.
Сталася так, што ён пакінуў нас у тым самым годзе.
Літаратуру ад бэлетрыстыкі адрозьнівае наяўнасьць мэтафізыкі. Такі крытэр сапраўднасьці мастацтва можа прэтэндаваць на ўнівэрсальнасьць.
У творах Селі мэтафізыка заўсёды прысутнічала. Не абышлося безь яе і ў ягонай сьмерці. Міжволі перад вачыма зьяўляецца Міколава напоўненае містычным прадчуваньнем палатно з мужчынскім целам на шпітальнай каталцы — на тле абыякава-здаволенага алавянага мора.
Толькі раніцой ён вярнуўся ў курортны італійскі гарадок з Рыму, які марыў убачыць з маленства.
Падступная хваля падпільнавала яго каля самага берагу. Кажуць, у лёгкіх нават не было вады. «Патануў?!» — роспачна ўскрыкнула маці мастака, пачуўшы пра Селеву сьмерць.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 426-427.