Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пачалі экстрадыцыю беларуса Вадзіма Дубойскага, не чакаючы апэляцыйнага суду. Кажуць, памыліліся

абноўлена

Вадзім Дубойскі
Вадзім Дубойскі

Пра гэта паведаміла Радыё Свабода сястра Вадзіма Дубойскага. Гэтую навіну яна даведалася ад адваката.

Учора адвакат прыйшоў на плянавую сустрэчу з Дубойскім у белгародзкім СІЗА, дзе даведаўся, што днём раней яго вывезьлі для экстрадыцыі.

Але ў Дубойскага наперадзе яшчэ апэляцыйны суд на рашэньне пра экстрадыцыю, да якога экстрадаваць яго нельга.

У выніку адвакат з памочнікам судзьдзі знайшлі Вадзіма Дубойскага за 150 км ад Белгараду, у Курску. Экстрадыцыю спынілі. Дубойскага да канца месяца павінны вярнуць у Белгарад.

Заўчасную экстрадыцыю ў СІЗА назвалі памылкай.

Адвакат: Гэтая экстрадыцыя была ня толькі памылковай, але і незаконнай

«Пазаўчора Вадзіма Дубойскага адправілі на этап у Смаленск цераз Курск. Гэтая экстрадыцыя была ня толькі памылковай, але і незаконнай, — сказаў Свабодзе адвакат Дзяніс Рэва. — Бо на гэты момант мы абскарджваем рашэньне суду ў апэляцыйнай інстанцыі. Рашэньне аб яго перадачы беларускім уладам не набыло моц.

Са слоў супрацоўнікаў спэцчасткі СІЗА, у іх было рашэньне суду, прайшло 10 сутак, пра скаргу яны ня ведалі, таму вырашылі, што можна Вадзіма адпраўляць», — дадаў адвакат.

Ён мяркуе, што пасьля выходных Вадзіма этапуюць назад у СІЗА Белгараду.

Дубойскі — адзін са шматлікіх беларусаў, якіх затрымалі расейскія ўлады за ўдзел у беларускіх пратэстах.

Фактычна толькі аднаго чалавека з затрыманых пасьля жніўня 2020 году вызвалілі. Гэта блогер Мікалай Давідчык, які амаль 20 гадоў пражыў у Маскве. У Беларусі Давідчыка абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку за адміністраваньне тэлеграм-чату Ліды і накіравалі запыт аб яго экстрадыцыі. У сакавіку Мікалая затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Ён правёў паўтара месяца ў СІЗА, пакуль расейская Генпракуратура нечакана не адхіліла запыт. Пасьля вызваленьня ён пераехаў у Польшчу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG