«Гэтая сустрэча накіравана на пашырэньне і ўмацаваньне нашых сумесных намаганьняў у барацьбе з COVID-19 з апорай на папярэднія сустрэчы сусьветных лідэраў і міністраў на такіх форумах, як „Вялікая сямёрка“ і „Вялікая дваццатка“, каб аб’яднаць грамадзянскую супольнасьць, няўрадавыя арганізацыі, філянтропаў і прамысловасьць з сусьветнымі лідэрамі і выпрацаваць агульнае бачаньне сумеснай барацьбы з COVID-19», — «Голас Амэрыкі» цытуе прэс-сакратарку Белага дома Джэн Псакі.
ЗША плянуюць ахвяраваць яшчэ 500 мільёнаў вакцын Pfizer-BioNTech іншым краінам сьвету, дзякуючы чаму агульная колькасьць перададзеных доз перавысіць 1 мільярд, паведаміла агенцтва Reuters.
ЗША таксама падштурхоўваюць сусьветных лідэраў да падтрымкі таго, што яны называюць амбіцыйнымі мэтамі ў спыненьні пандэміі COVID-19, уключаючы вакцынацыю 70 адсоткаў насельніцтва плянэты да 2022 году.
Гэта вынікае з праекту амэрыканскага дакумэнту, які апынуўся ў распараджэньні Reuters. Трохстаронкавы плян адрасаваны краінам, міжнародным арганізацыям і групам прыватнага сэктару, запрошаным на віртуальны саміт.
Дакумэнт таксама просіць краіны, якія валодаюць «адпаведнымі магчымасьцямі», ахвяраваць яшчэ мільярд дозаў вакцын і паскорыць дастаўку 2 мільярдаў дозаў, якія ўжо былі абяцаныя.
Распрацаваны ЗША дакумэнт заклікае багатыя краіны выдзеліць ня менш за 3 мільярды даляраў у 2021 годзе і 7 мільярдаў даляраў у 2022 годзе на забесьпячэньне гатоўнасьці да вакцынацыі і барацьбу зь нерашучасьцю ў дачыненьні да вакцын.
Іншыя істотныя мэты ўключаюць штотыднёвае тэставаньне хаця б аднаго з тысячы чалавек да канца 2021 году і нарошчваньне патэнцыялу для таго, каб ва ўсіх мэдычных работнікаў быў доступ да сродкаў індывідуальнай засьцярогі, такіх як маскі.
Дакумэнт таксама заклікае заможныя краіны выдзеліць 2 мільярды даляраў для павелічэньня паставак вадкага кіслароду, ахвяраваць ня менш за 1 мільярд тэст-сыстэм краінам з узроўнем даходу ніжэй сярэдняга і ахвяраваць 3 мільярды даляраў на тэрапэўтычныя прэпараты ад COVID-19.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ