Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея зьняла абмежаваньні на авіязносіны зь Беларусьсю і ўтрая нарошчвае сваю прысутнасьць на рынку


Самалёт кампаніі "Аэрофлот", ілюстрацыйнае фота
Самалёт кампаніі "Аэрофлот", ілюстрацыйнае фота

Ад 21 верасьня скасоўваюца ўсе абмежаваньні на авіязносіны зь Беларусьсю, паведаміў апэратыўны штаб у папярэджаньні завозу і распаўсюду каранавірусу на тэрыторыі Расеі.

«Паветраныя зносіны паміж краінамі, часова абмежаваныя ў сувязі з распаўсюдам COVID-19, будуць адноўленая ў поўным аб’ёме», — спасылаецца на паведамленьне агенцтва «Інтэрфакс».

У адпаведнасьці з пагадненьнем аб паветраных зносінах паміж Расеяй і Беларусьсю няма абмежаваньняў ні ў напрамках, ні ў частотах — за выключэньнем маршруту Менск — Масква, для якога прадугледжаныя 63 рэйсы на тыдзень для кожнага боку.

Да пандэміі толькі дзьве расейскія кампаніі выконвалі палёты ў Беларусь («Аэрофлот» і «Ютэйр»), цяпер іх будзе сем. «Росавиация» дазволіла выкананьне палётаў па наступных кірунках: Петразаводзк — Менск, Мурманск — Менск, Краснаярск — Менск, Астрахань — Менск, Казань — Менск, Навасібірск — Менск, Ніжні Ноўгарад — Гомель, Калінінград — Гомель, Масква — Гомель, Масква —Горадня, Калінінград — Горадня. Гарадоў анэксаванага Расеяй украінскага Крыму ў пераліку няма.

Міністэрства транспарту Беларусі праінфармавала, што пры палётах у Расею пасажырам неабходна трымацца патрабаваньняў расейскага боку. У прыватнасьці, гэта тычыцца мабільнай аплікацыі «Падарожнічаю без COVID-19». Неўзабаве яе дапрацуюць для ўключэньня зьвестак пра вакцынацыю.

У сваю чаргу кампанія «Белавія» паведаміла пра павелічэньне колькасьці рэйсаў у расейскія гарады. Ад 21 верасня ў маскоўскі аэрапорт «Дамадзедава» будуць два рэйсы на дзень, а з 25-га гэтая колькасьць вырасьце да трох. У аэрапорт «Шарамецьева» — два рэйсы на дзень.

Таксама ад 21 верасьня «Белавія» будзе лятаць два разы на дзень у Санкт-Пецярбург, а з 29-га — тры разы на дзень. У іншыя гарады Расеі заплянаваны па два рэйсы на тыдзень: у Растоў-на-Доне і Самару (з 26 верасьня), Екацярынбург (з 28 верасьня), Уфа і Казань (з 29 верасьня).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG