Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці праўда, што заходнюю мяжу сучаснай Беларусі вызначылі ў 1939 годзе?


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

«…У верасьні 1939 году, усё змянілася, і мы здабылі нашу рэспубліку ў тых межах, якія сьвята захоўваем».

Няпраўда

Аляксандар Лукашэнка 14 верасьня заявіў, што сучасныя межы Беларусі зьявіліся ў 1939 годзе дзякуючы паходу Чырвонай Арміі супраць Польшчы.

У міжнародна-прававым сэнсе далучэньне да СССР Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў 1939 годзе было замацаванае Дамовай аб дружбе і мяжы, заключанай з нацысцкай Нямеччынай 28 верасьня 1939 году.

Аднак у ліпені 1941 году, пасьля нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз, СССР заключыў пагадненьне з польскім эміграцыйным урадам (пагадненьне Майскага — Сікорскага), якім скасаваў савецка-нямецкую дамову 1939 году аб дружбе і мяжы.

На той момант тэрыторыя Заходняй Беларусі была ўжо акупаваная Нямеччынай і пагадненьнем Майскага — Сікорскага вызначэньне дзяржаўнай прыналежнасьці гэтай тэрыторыі было перанесена на час пасьля яе вызваленьня.

Што і было зроблена ў 1945 годзе. 16 жніўня 1945 году ўрад СССР і пракамуністычны ўрад Польшчы заключылі дамову аб мяжы.
Мяжа паводле гэтай дамовы адрозьнівалася ад мяжы, вызначанай дамовай паміж СССР і Нямеччынай у 1939 годзе; у прыватнасьці Беласток, далучаны да СССР у 1939-м, паводле дамовы 1945 году быў аддадзены Польшчы.

Тэкст гэтай савецка-польскай дамовы ня меў спасылак на далучэньне тэрыторыяў даваеннай Польшчы да СССР у 1939 годзе, у ім не было фармулёвак аб перадачы Польшчы нейкіх тэрыторыяў, далучаных да СССР у 1939-м.

Бакі наноў вызначалі мяжу паміж імі.

Пасьляваенная мяжа паміж СССР і Польшчай была ўзгодненая на Ялцінскай канфэрэнцыі ў лютым 1945 году лідэрамі антыгітлераўскай кааліцыі Ёсіфам Сталіным, Франклінам Рузвэльтам і Ўінстанам Чэрчылем.

Цяперашняя мяжа паміж Рэспублікай Беларусь і Польшчай збольшага была вызначаная менавіта дамовай ад 16 жніўня 1945 году паміж савецкім і польскім урадамі (была потым невялічкая карэкціроўка ў 1946 годзе зноў жа дамовай паміж СССР і ПНР).

І гэтая мяжа адрозьніваецца ад вызначанай у 1939 годзе дамовай СССР з урадам Адольфа Гітлера.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG