«Ніколі не кажы „ніколі“, але я вельмі спадзяюся, (...) што цяпер той час, які мы прысьвячалі Астраўцу, мы зможам прысьвяціць іншым вельмі важным рэчам», — сказаў Крэйвіс журналістам у чацьвер.
«У нас ёсьць вялікі пазытыўны парадак дня працы з нашымі балтыйскімі калегамі, як у галіне аднаўляльных крыніцаў энэргіі, так і ў іншых галінах», — дадаў ён.
Міністар кажа, што пасьля таго, як Літва ў сераду зьнізіла максымальную прапускную здольнасьць перадачы электраэнэргіі празь літоўска-беларускія злучэньні, Літва рэалізавала «плян Б» у выніку аднабаковага ўвядзеньня новых правілаў. Аднак, паводле яго, дыскусіі з латышамі і эстонцамі аб трохбаковай дамове будуць працягнутыя.
Крэйвіс зазначыў, што цяпер апэратары кольца БРЭЛЛ (ЭК БРЭЛЛ — Электрычнае кольца Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі і Літвы. — РС) выконваюць парамэтры, вызначаныя Літвой.
«Мы бачым, што апэратары сетак трымаюцца зададзеных намі парамэтраў, таму што мы дзейнічаем у рамках пагадненьня БРЭЛЛ і гэты гандаль з Расеяй адбываецца ў рамках нашых парамэтраў. Гэта азначае, што электрычнасьць з Астраўца тэарэтычна ня можа трапіць, і цяпер яна недаступная з прычыны таго, што Беларуская АЭС не працуе», — растлумачыў міністар.
Паводле яго, БелАЭС не працуе два месяцы і можа не працаваць яшчэ некалькі.
«Гэта толькі яшчэ раз дэманструе якасьць гэтай электрастанцыі. Да гэтага яна ламалася, напэўна, чатыры ці пяць разоў», — адзначыў Крэйвіс.
У адказ на пытаньне, ці можа скарачэньне магутнасьці Літвой паўплываць на цэны на электраэнэргію, якія цяпер асабліва высокія на біржы, міністар сказаў, што цана ў Літве фармуецца швэдзкай цэнавай зонай SE4: «Ні расейская, ні беларуская электраэнэргія не фармуюць цэнаў».
Літоўскія ўлады перакананыя, што электраэнэргія зь Беларускай АЭС дагэтуль паступала ў Літву праз Латвію, што парушала так званы «антыастравецкі» закон. Латвія заяўляла, што гандлюе толькі расейскай электраэнэргіяй.