Сьцісла:
- Беларускі рэжым паспрабуе выставіць вызваленьне 13 палітвязьняў як акт вялікага гуманізму і праяву добрай волі.
- Гульня на падвышэньне ставак ня можа працягвацца бясконца, узровень нэгатыўных наступстваў ад такога процістаяньня мае свае межы.
- Шкода Эўразьвязу ад беларускіх дзеяньняў ніяк не параўнальная з той шкодай для беларускага рэжыму, якую могуць прынесьці эканамічныя санкцыі, калі яны запрацуюць на ўсю моц.
- Эўразьвяз, пасьля нейкай паўзы, са зьдзіўленьнем запытаўся: «Вы хочаце сьценка на сьценку? Ну давайце паглядзім, чыя сьценка мацнейшая».
Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што Аляксандар Лукашэнка памілаваў 13 палітвязьняў. Натуральна, што гэты сымбалічны крок нельга называць ані «пачаткам вызваленьня палітвязьняў», ані «істотным крокам да перамоваў». Для ацэнкі мізэрнасьці гэтай лічбы дастаткова сказаць, што ў гэты ж дзень, 15 верасьня, праваабаронцы прызналі новымі палітвязьнямі яшчэ 7 чалавек. І іхная колькасьць павялічваецца штодня.
Але цяпер відавочна, што беларускі рэжым на ўсіх узроўнях — ад прапагандысцкага да дыпляматычнага — будзе прадстаўляць гэты крок, гэтае вызваленьне 13 чалавек як акт вялікага гуманізму і праяву добрай волі. Маўляў, «мы зрабілі першы крок — рабіце цяпер і вы крокі ў адказ». Гэта ж дыпляматыя, так рабілася тысячу гадоў — крок у адказ на крок, няўжо вы плюнеце ў працягнутую вам руку, няўжо не заўважыце нашых добрых намераў?
Даўно было адзначана, што апошні год процістаяньне Лукашэнкі з Захадам (ці, правільней будзе сказаць, з усім цывілізаваным сьветам) адбывалася паводле прынцыпу лабавой атакі і падвышэньня ставак. Маўляў, я пачну рэпрэсіі, і мне пляваць на вашую думку. Вы ў адказ на рэпрэсіі ўводзіце санкцыі? Я буду толькі ўзмацняць рэпрэсіі. Вы павялічваеце санкцыі? Я пасаджу самалёт і пачну міграцыйны крызіс. Так сказаць, старая гульня: «хто міргане першым, той і прайграў».
Аналітыкі адзначалі, што такая гульня на падвышэньне ставак ня можа трываць вечна, узровень нэгатыўных наступстваў ад такога процістаяньня ня можа ўзрастаць бясконца. Пры гэтым відавочна, што гэтыя нэгатыўныя наступствы разьмяркоўваюцца вельмі нераўнамерна — шкода Эўразьвязу ад беларускіх дзеяньняў ніяк не параўнальная з той шкодай для беларускага рэжыму, якую могуць прынесьці эканамічныя санкцыі, калі яны запрацуюць на ўсю моц. Ня лішнім будзе нагадаць, што ВУП Эўразьвязу ў 400 разоў большы за ВУП Беларусі.
Як бы афіцыйны Менск ні рабіў бадзёры выгляд, як бы ягоныя штатныя і пазаштатныя прапагандысты ні сьпявалі мантру на тэму «нас санкцыянуюць, а мы толькі мацнеем», — відавочна, што гэтым разам «неразваротлівы» Эўразьвяз усур’ёз раззлаваўся і вырашыў паставіць Лукашэнку на месца. Пасьля нейкай паўзы і раскачкі Эўразьвяз са зьдзіўленьнем запытаўся: «Вы хочаце сьценка на сьценку? Ну, давайце паглядзім, чыя сьценка мацнейшая».
Магчыма, да тых людзей, якіх прынята называць «афіцыйным Менскам», гэта дайшло. І Лукашэнка — які, дарэчы, насуперак агульнапрынятай думцы, здольны на вельмі рацыянальныя палітычныя крокі (калі абставіны яго вымушалі — і палітвязьняў вызваляў, і рабіў іншыя непрыемныя для яго асабіста дзеяньні), — магчыма, гэта зразумеў.
І міргнуў першы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.