Намесьнік міністра абароны Саудаўскай Арабіі Халід бін Салман паведаміў у Twitter, што падпісаў з намесьнікам міністра абароны Расеі Аляксандрам Фаміным дамову, «накіраваную на разьвіцьцё сумеснага вайсковага супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі».
Таксама ў межах міжнароднай выставы Вайскова-тэхнічны форум «Армія-2021» Халід бін Салман сустрэўся зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу. На сустрэчы абмяркоўваліся шляхі ўзмацненьня супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры.
Шайгу адзначыў, што на сустрэчы абгаворвалі моманты, у якіх дзяржавы маюць узаемны інтарэс. Таксама ён падкрэсьліў, што Расея мае шмат новых сыстэм узбраеньня, «якія добра праявілі сябе ў Сырыі», дзе Расея, як вядома, падтрымлівае рэжым Башара Асада.
Дэталі пагадненьня пакуль не раскрываюцца.
ЗША — галоўны пастаўшчык зброі ў Саудаўскую Арабію, паводле Стакгольмскага інстытуту міжнародных дасьледаваньняў міру, арабская краіна ў 2016–2020 гадах займала 24% агульнага экспарту амэрыканскай зброі.