Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Пятра Марцава, год таму — Маршы герояў у гарадах Беларусі


Карагод пратэсту, Берасьце, 13 верасьня 2020
Карагод пратэсту, Берасьце, 13 верасьня 2020

Падзеі 13 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У гэты дзень год таму

  • Маршы герояў у Менску, Горадні, Віцебску, Берасьці і шэрагу іншых гарадоў краіны, у Менску затрымана больш за 400 чалавек.
  • У Берасьці маніфэстанты «вадзілі карагоды». МУС патлумачыла, дзеля чаго там выкарысталі вадамёт.
  • Менскія ваенкаматы забіраюць вайсковаабавязаных на тры тыдні на зборы.
  • Сто дзеячоў культуры Нямеччыны напісалі ліст Мэркель у справе Калесьнікавай.
  • Расея пасылае ў Беларусь пскоўскіх дэсантнікаў. Абяцае пасьля вучэньняў вярнуць назад.

Гэты дзень у гісторыі

1501 — Мікелянджэлё пачаў працаваць над скульптурай Давіда.

1562 — князі і баяры ВКЛ на палявым (абозным) сойме каля Віцебску ўхвалілі прапанову аб новай дзяржаўнай уніі з Польшчай і накіравалі яе вялікаму князю.

1769 — расейскія войскі пад камандаваньнем Аляксандра Суворава перамаглі атрады Барскіх канфэдэратаў на чале з Казiмiрам i Францам Пуласкiмі ля вёскі Арэхава (паблізу Маларыты).

1929 — брытанскі навуковец Аляксандар Флемінг упершыню прадставіў публіцы сваё адкрыцьцё — пэніцылін.

1953 — Мікіту Хрушчова абралі першым сакратаром ЦК КПСС.

Мікіта Хрушчоў
Мікіта Хрушчоў

1974 — беларуская студыя тэлебачаньня пачала трансьляваць каляровыя перадачы.

1994 — дзяржаўная камісія артаграфіі, створаная ў Беларусі, апублікавала выніковыя рэкамэндацыі, у якіх прызнавалася пажаданасьць вяртаньня некаторых дарэформенных нормаў беларускай мовы.

У гэты дзень нарадзіліся

1893 — Андрэй Мрый, беларускі празаік, журналіст. Мрый напісаў кнігу «Запіскі Самсона Самасуя», у якой у сатырычным тоне паказаў усталяваньне новага ладу ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя, у тым ліку пачаткі савецкай беларусізацыі. Твор быў абвешчаны паклёпам на савецкую рэчаіснасьць, а аўтара саслалі ў ГУЛАГ.

Андрэй Мрый
Андрэй Мрый

1894 — Юльян Тувім, польскі паэт.

Юліян Тувім. Польскія кветкі. Пераклады Васіля Сёмухі
Юліян Тувім. Польскія кветкі. Пераклады Васіля Сёмухі

1925 — Яўгенія Чаплінская (ад нараджэньня Белановіч), пэдагог, культурніцкая дзяячка.

Антычны граматык Тэрэнцыян Маўр пакінуў нам мудрае выслоўе: «Habent sua fata libelli — Кнігі маюць свой лёс». Аднак амаль забыты працяг афарызму: «...адпаведна таму, як іх прымае чытач».

Калі б не Яўгенія Чаплінская і яе лісты — часам аж залішне захопленыя водгукі на папярэдняе выданьне «Імёнаў Свабоды», — кніга, якую вы трымаеце ў руках, напэўна, ня выйшла б. Вось толькі, на вялікі жаль, спадарыня Яўгенія з удзячных чытачак перайшла ўжо ў лік гераіняў.

У 1938-м заходнебеларуская дзяўчынка паступіла ў польскую гімназію імя Эміліі Плятэр. Ад бацькі, настаўніка-патрыёта Там яшчэ Белановіч, яна ўспадчыла любасьць да мовы, да творчасьці Янкі Купалы, чые радкі дэклямавала на памяць яшчэ дашкольніцай.

Ведала, дарэчы, гімназістка і тое, што графіня Плятэр, гераіня паўстаньня 1831 году, лічыла сябе ня полькай, а ліцьвінкай, і пісала на мове свайго народу вершы. На летнія вакацыі Жэня прыехала ў родную вёску, а вярнуцца на заняткі ў Польшчу ўжо не пасьпела: грымнула вайна.

«За палякамі, — успамінала Чаплінская, — школа была польская, за саветамі спачатку беларуская, але бальшавіцкая, і адно пад немцамі нашыя дзеячы стварылі сапраўды беларускую школу. Не было там ніякага нацысцкага выхаваньня — родныя мова і літаратура, гісторыя, нават беларуская музыка».

Па вайне, скончыўшы пэдвучэльню ў Лідзе, Яўгенія ўзялася вучыць малых дзяцей у роднай вёсцы, замяніўшы ў пачатковай школцы сваю маці. Настаўніца цяжка перажывала русіфікацыю адукацыі, якая ў 1970-я гады пасьля гарадоў прыйшла і ў сельскія школы. Яе лісты ў розныя інстанцыі не далі плёну, але ўмацавалі беларушчыну ў душы.

Неяк улетку прыехаў на гасьціны да бацькоў-вяскоўцаў маскоўскі студэнт і паблажліва папрасіў спадарыню Яўгенію назваць хоць адно беларускае слова, не падобнае да расейскага ці польскага. У адказ яна склала слоўнік на тысячу лексычных адзінак, а з улікам аднакарэнных прыметнікаў і дзеясловаў атрымаліся цэлыя тры тысячы.

Чаплінская пераклала з чэскай мовы і выдала кніжку казак. Яна пераканала земляка-эмігранта Мікалая Махнача, удзельніка вайны з нацыстамі на заходнім тэатры баявых дзеяньняў, напісаць успаміны і перастварыла іх для выданьня па-беларуску.

Яна была шматгадовай слухачкаю Радыё Свабода, а калі тое перавандравала з этэру на сайт і ў сацыяльныя сеткі, не разгубілася, бо ў свае дзевяноста з гакам камфортна пачувалася ў сеціве і мела профіль у Фэйсбуку.

Яна была шчыраю хрысьціянкай, аб чым фільм Ягора Сурскага «Вернікі», і ўражвала гасьцей, натхнёна граючы на сынтэзатары духоўныя мэлёдыі.

Цяпер яны прыводзяць спадарыню Яўгенію ў нашы сны.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.738-739.

1944 — Алесь Лабанок, актор, удзельнік нацыянальнакультурніцкага руху 1960–1980-х і нацыянальнадэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Ніколі ня мог пахваліцца шырокімі сувязямі ў беларускім акторскім асяродзьдзі. Напэўна, таму, што баюся расчараваньня: а раптам па-за магічнымі межамі сцэны чалавек, якім захапляўся, зноў выявіцца нецікавым і пуставата-абыякавым да таго, чым ты жывеш.

Алесь Лабанок ня быў маім сябрам, але кожная зь нячастых сустрэчаў зь ім не расчароўвала, а рабілася падзеяй.

У 1970-я гады нас шчасьліва зьвёў таленавіты паэт і актор Коласаўскага драмтэатру, зямляк і ўлюбёнец Янкі Брыля — Пятро Ламан. Я прызнаўся, што ўжо тройчы прыяжджаў на «Званы Віцебску» паводле Ўладзімера Караткевіча, дзе Лабанок выконваў ролю завадатара віцебскага паўстаньня 1623 году Сьцяпана Пасіёры.

Памятаецца, пасьля шкляначкі чырвонага я загаварыў пра гістарычную дакладнасьць і Алесеву бліскучую схільнасьць да імправізацыі. Ён тактоўна, але рашуча спыніў: «Давай я лепей пачытаю Купалу». Вершы гучалі незнаёма:

Адзін, адзін раз толькі ў год

Зьбірацца можна з ласкі рока,

Каб год іржавы карагод

Зганяць зь мінуўшчыны далёкай...

Ягоны голас пакрысе набіраў сілу і браў у палон — і майстэрствам дэклямацыі, і сэнсам Купалавых радкоў:

За мною ўсьцяж, і тут і там,

Іх вусны бледныя шапталі:

«Аддайце песьню нашу нам!

Нашто схавалі-расхапалі?»

..........................

Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,

Раз хочуць сонца, славы, песьні...

Гэта была паэма «На Куцьцю», якая апошні раз друкавалася ў сярэдзіне 1930-х, а потым трапіла пад забарону, як і другая паэма — «На Дзяды», яе я таксама пачуў у той вечар.

Мянчук Лабанок, які ў студэнцкія гады прайшоў загартоўку сваіх поглядаў у створаным Яўгенам Куліком нацыянальным асяродку «На Паддашку», пасьля Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту прыехаў у Віцебск.

Усё наступнае жыцьцё — амаль сорак гадоў — ён працаваў у тэатры імя Якуба Коласа. Ён выканаў дзясяткі роляў: Хорста ў «Гісторыі граху» паводле С. Жаромскага, Сьвятара ў Брэхтавай «Матухне Кураж», Старога ў «Крэслах» А. Камю...

Тэатар замяняў Алесю сям’ю. Ён быў нячастым прыкладам беларускага актора, які і на сцэне, і ў жыцьці гаварыў на адной мове. Гэта ён прывёз у Вiльню да тамтэйшых беларусаў маладога Алеся Разанава. Ён заўсёды быў непахісным незалежнікам.

На Дзяды й на Куцьцю ён штогод завітвае да мяне.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.548-549.

1958 — Аляксандар Краўцэвіч, беларускі гісторык і археоляг.

Аляксандар Краўцэвіч
Аляксандар Краўцэвіч

У памяці

1592 — Мішэль Мантэнь, францускі філёзаф, пісьменьнік, палітычны дзяяч, юрыст.

Мішэль Мантэнь
Мішэль Мантэнь

1859 — Фадзей Булгарын, расейскі пісьменьнік беларускага паходжаньня, журналіст, выдавец газэты.

1983 — Мар’ян Пецюкевіч, беларускі этнограф і грамадзкі дзеяч. У перадваенны час — дырэктар музэя імя Івана Луцкевіча. Быў асуджаны на 25 гадоў і сасланы ў лягер у Варкуту.

2003 — Анатоль Багатыроў, беларускі кампазытар, пэдагог і грамадзкі дзеяч.

Анатоль Багатыроў
Анатоль Багатыроў

2014 — Пётар Марцаў, журналіст і выдавец, прадпрымальнік, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Пётар Марцаў
Пётар Марцаў

У Менску пакуль што ёсьць вуліца Маркса, на якой я жыву й якую пасьля сьмерці Габрыеля Гарсія Маркеса перайменаваў для сябе і сяброў у вуліцу Маркеса. Але часам мне хочацца назваць яе і вуліцай Марцава.

Асабліва калі праходжу паўзь вядомую кавярню «News Cafe». Раней там дзень пры дні можна было ўбачыць журналіста, рэдактара і выдаўца Пятра Марцава.

На маладых клёнах распускаліся першыя лісьцікі або вецер гнаў па ходніках срэбную дуйку, а Марцаў — то за вулічным столікам, то за шклом, звычайна ў атачэньні прыгожых жанчын — быў там прысутны, здавалася, заўсёды.

Ён сядзеў з лэптопам і кубкам кавы або нечым трохі мацнейшым, і гэтае відовішча дзіўным чынам нараджала ў душы спакой і раўнавагу. Ён быў героем нашага часу.

Пасьля ўдзелу ў «Дзядах» 1988 году Пётар мусіў разьвітацца з працай у Беларускім тэлеграфным агенцтве. У адыёзным часопісе ЦК КПБ «Политический собеседник» тады зьявіўся артыкул, які палохаў чытача ўжо назовам: «Кто он, П. Марцев?».

Прайшоўшы добрую школу карэспандэнта, а затым дырэктара карпункту тыднёвіка «Коммерсантъ» у Беларусі й агенцтва «Постфактум», Марцаў у 1992-м пачаў выдаваць «Белорусскую деловую газету», а затым штотыднёвік «Имя» ды штомесячнік «БДГ. Для служебного пользования».

Думаю, ня я адзін бачыў, як у шапіках «Белсаюздруку» сьвежыя нумары гэтых газэт разьляталіся, як гарачыя піражкі.

Гэта былі сапраўды зорныя выданьні, дзе працавалі журналісты з божай іскрай, чыё жывое слова ўплывала не адно на чытачоў, на дзелавыя, палітычныя й культурніцкія колы, але і на сытуацыю ў краіне.

Пералік тэмаў, артыкулаў, інтэрвію, журналісцкіх расьсьледаваньняў, якія я й цяпер добра памятаю, атрымаўся б занадта доўгім. Асабіста я ўдзячны Марцаву за фантастычную па колькасьці ўдзельнікаў тэлефонную жывую лінію, якую мы вялі з адным з найталенавіцейшых супрацоўнікаў «БДГ» Сяргеем Шапранам.

За маю пэрсанальную рубрыку «С историей на «Вы».

За публікацыю расейскамоўнай газэтнай вэрсіі нашай з Генадзем Сагановічам кнігі «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі».

Узровень газэт Пятра Марцава быў такі, што ва ўмовах, калі ўлада ня проста спыніла час, а павярнула яго назад, выхад «БДГ» жывіў надзею на перамены. Ён па-ранейшаму «заплываў за буйкі».

Быў момант, калі Пятра папярэдзілі, што рыхтуецца яго зьнікненьне-забойства. Марцаў, купіўшы квіток на самалёт у Нямеччыну, наняў на ўскраіне Менску кватэру і на месяц лёг на дно...

Увесну 2006-га выпуск «БДГ» быў спынены. Марцаву прыпомнілі, відаць, і ўдзел у стварэньні вядомага фільму «Звычайны прэзыдэнт».

У пяцьдзясят два гады ён за лічаныя дні згарэў ад вострага лейкозу. На пахаваньні старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна назвала Марцава і ўсё зьвязанае зь ім «самай яркай старонкай найноўшай беларускай журналістыкі».

У «News Cafe» я дагэтуль не хаджу.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.666-667.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG