Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўзмацніла ахову мяжы зь Беларусьсю і рыхтуецца адпрацоўваць навыкі адбіцьця зьнешняй агрэсіі


Украінскія вайскоўцы каля мяжы зь Беларусьсю, архіўнае фота
Украінскія вайскоўцы каля мяжы зь Беларусьсю, архіўнае фота

Украінскія памежнікі ўзмацнілі ахову мяжы зь Беларусьсю на сушы, у паветры і на вадзе, залучыўшы спэцыяльныя падразьдзяленьні і тэхніку.

Як паведамілі ў прэсавай службе Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, мяжу на беларускім напрамку дзень і ноч кантралююць патрулі са службовымі сабакамі, памежная авіяцыя і катэры на водных участках.

У прэсавай службе не ўдакладнілі прычын узмацненьня аховы мяжы. «Для гэтага залучаныя ўсе неабходныя рэсурсы, у тым ліку спэцыяльныя падразьдзяленьні. Памежнікі апрацоўваюць усю інфармацыю, якая можа паўплываць на стан аховы дзяржаўнай мяжы, і эфэктыўна ўзаемадзейнічаюць з падразьдзяленьнямі Ўзброеных сілаў Украіны ды іншымі структурамі».

«Гэтыя захады ўжываюцца для папярэджаньня магчымых правапарушэньняў, правакацый, нестандартных сытуацый і магчымага незаконнага перасячэньня мяжы групамі асобаў», — удакладнілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны.

10 верасьня пачынаецца практычная частка беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2021», якія пройдуць на тэрыторыі дзьвюх краінаў. На тэрыторыі Беларусі будуць 13 тысяч удзельнікаў, у тым ліку 2500 расейскіх вайскоўцаў і да 50 казахстанскіх. Агулам і ў Беларусі, і ў Расеі ў вучэньнях возьмуць удзел 200 тысячаў вайскоўцаў. 400 беларускіх вайскоўцаў возьмуць удзел у вучэньнях на тэрыторыі РФ.

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валер Залужны 10 верасьня паведаміў аб падрыхтоўцы да маштабных міжнародных вайсковых вучэньняў «Аб’яднаныя намаганьні — 2021», якія пройдуць ва Ўкраіне з 22 да 30 верасьня. У іх возьмуць удзел 15 краін, у тым ліку 11 чальцоў NATO.

«Хачу падкрэсьліць, што гэтыя вучэньні маюць выключна абарончы характар. Яны накіраваныя на абарону Ўкраіны, павелічэньне абаронных магчымасьцяў і ўзаемасумяшчальнасьці з Узброенымі сіламі краін-партнэраў», — паведаміў Валер Залужны.

Паводле яго, вучэньні будуць праходзіць на васьмі палігонах Украіны, а сцэнар іх правядзеньня будаваўся на аснове «аднаго з магчымых варыянтаў разьвіцьця ваенна-палітычнай сытуацыі вакол Украіны».

У прыватнасьці, на першых двух этапах будуць адпрацоўваць кіраваньне абароннымі сіламі дзяржавы ў выпадку вонкавай агрэсіі, а на трэцім — групоўкай войскаў з выкарыстаньнем шматнацыянальных падразьдзяленьняў.

Плянуецца, што ў вучэньнях будуць задзейнічаныя 12,5 тысячы вайскоўцаў і больш як 600 адзінак вайсковай тэхнікі, у тым ліку танкі, ракетныя сыстэмы, баявыя караблі і авіяцыя.

У вучэньнях будуць удзельнічаць прадстаўнікі Ўзброеных сілаў Вялікай Брытаніі, Грузіі, Італіі, Іярданіі, Канады, Латвіі, Літвы, Малдовы, Нямеччыны, Польшчы, Славаччыны, Румыніі, ЗША, Вугоршчыны ды Швэцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG