Адпаведнае расьсьледаваньне публікуецца на сайце арганізацыі.
У ходзе аналізу з адкрытых крыніц былі сабраны і вывучаны больш за 500 фатаграфій і відэаролікаў, у тым ліку з разгонаў акцый пратэсту ў Беларусі, Калюмбіі, Францыі, Індыі і М'янме ў пэрыяд з 2011 году па 2021.
«На відэа бачна, як супрацоўнікі праваахоўных органаў ужываюць дубінкі і аналягічныя спэцсродкі, такія як бамбукавыя палкі (латхі) і пугі (шамбокі), у якасьці сродкаў пакараньня, зьбіваючы людзей, якія ўжо ня рухаюцца, наносячы пры гэтым небясьпечныя ўдары па галаве, а таксама душаць людзей захопам за шыю ззаду», – піша арганізацыя.
Акрамя таго, Amnesty International публікуе відэазапісы «пяці найбольш жахлівых выпадкаў» і іх разбор.
Сярод іх відэазапіс з Беларусі, дзе супрацоўнікі АМАП вядуць уніз па лесьвіцы пратэстоўца. Адзін зь сілавікоў б’е яго ззаду па нагах, нягледзячы на тое, што той не супраціўляецца затрыманьню. У той момант, калі яго падтрымлівае адзін зь сілавікоў, дэманстранта бʼюць дубінкай па патыліцы, а потым у твар і жывот.
Amnesty International адзначае, што падобнае выкарыстаньне дубінак «раўназначна катаваньню або іншаму жорсткаму абыходжаньню». Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што гэтая зброя прызначана для таго, каб супрацоўнікі праваахоўных органаў «маглі выкарыстоўваць мінімальны ўзровень сілы ў залежнасьці ад абставін і пазьбягаць ужываньня сьмяротнай сілы». Аднак арганізацыя зафіксавала «яго неправамернае выкарыстаньне ва ўсіх рэгіёнах сьвету» – у многіх выпадках «супраць пратэстоўцаў, якія ажыцьцяўляюць сваё права на свабоду мірных сходаў».
У расьсьледаваньні падкрэсьліваецца, што траўмы ад выкарыстаньня дубінак уключаюць пераломы костак, пашкоджаньне нэрваў, цягліц і ўнутраныя пашкоджаньні, якія могуць прывесьці да незваротнай інваліднасьці або сьмерці.
«У выпадку злоўжываньня дубінкай можна нанесьці цяжкую траўму і нават забіць. Нягледзячы на гэта, гандаль падобнымі спэцсродкамі для аховы правапарадку па-ранейшаму фактычна ніяк не кантралюецца, што выклікае глыбокае абурэньне. Варта абавязаць урады праводзіць дбайны аналіз рызыкі , перш чым дазваляць ужываньне падобных спэцсродкаў », – кажа Вэрыты Койл, дарадніца Amnesty International у пытаньнях узброеных сіл, бясьпекі і аховы правапарадку.