На аэрадром Баранавічы для фармаваньня вучэбна-баявога цэнтру сумеснай падрыхтоўкі ВПС і войскаў СПА Беларусі і Расеі прыбылі самалёты Су-30СМ ВКС Расеі, паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.
«Плянуецца, што авіятары будуць несьці сумеснае баявое дзяжурства па ахове паветраных межаў Саюзнай дзяржавы», — паінфармавалі ў Мінабароны Беларусі.
Рашэньне аб стварэньні вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі ўзброеных сіл Беларусі і Расеі прынялі ў ходзе перамоваў кіраўнікоў абаронных ведамстваў 5 сакавіка 2021 году ў Маскве.
Тады міністры абароны дзьвюх дзяржаў Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу выказалі спадзеў, што праца цэнтру, які ствараецца, дасьць магчымасьць значна павысіць узровень навучанасьці спэцыялістаў і падрыхтоўкі падразьдзяленьняў як ВПС і войскаў СПА Рэспублікі Беларусь, так і Паветрана-касьмічных сіл Расейскай Фэдэрацыі.
10 верасьня Расея і Беларусь пачнуць сумесныя вайсковыя вучэньні «Захад-2021». Раней генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што сапраўдная колькасьць войскаў на вучэньнях «Захад-2021» значна перавышае заяўленую.