Пра гэта паведамляе партал Zerkalo.io.
Усяго сёлета ў конкурсе возьмуць удзел выканаўцы з 19 краінаў.
Беларусь у дзіцячай «Эўравізіі» брала ўдзел з 2003 году. Двойчы беларускія выканаўцы рабіліся пераможцамі конкурсу. У 2005 годзе пераможцай стала Ксенія Сітнік, у 2007-м — Аляксей Жыгалковіч. Два разы дзіцячы конкурс «Эўравізіі» праводзіўся ў Менску.
2 верасьня арганізатары — Эўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) і France Télévisions — апублікавалі сьпіс краінаў-удзельніц. Беларусі ў ім няма.
З 1 ліпеня 2021 году Эўрапейскі вяшчальны саюз прыпыніў сяброўства Белтэлерадыёкампаніі, якая зьяўлялася ў Беларусі арганізатарам нацыянальнага адбору і на «Эўравізію», і на дзіцячую «Эўравізію».
У прэсавым рэлізе EBU было сказана, што арганізацыя сочыць за пагаршэньнем свабоды СМІ ў Беларусі. Таксама арганізацыя заклікала Белтэлерадыёкампанію як чальца EBU адстойваць фундамэнтальныя каштоўнасьці грамадзкіх СМІ.
Раней, у сакавіку 2021, EBU не дапусьціў Беларусь да «Эўравізіі» за тэкст песні «Я навучу цябе» гурту «Галасы ЗМеста». Арганізатары адзначылі, што песьня «палітызаваная», яе неабходна памяняць. Але і новая кампазыцыя не задаволіла арганізатараў, і Беларусь адхілілі ад удзелу ў дарослым конкурсе «Эўравізіі».