Як паведамляе Эўрарадыё са спасылкай на прадстаўнікоў арганізацыі, гэта адбылося на сёньняшнім пасяджэньні Выканаўчай рады ЭТЗ.
Ад 1 ліпеня Белтэлерадыёкампанія больш ня зможа атрымаць доступ да шэрагу паслуг для сяброў зьвязу. Сярод іх:
- абмен навінамі і музычным кантэнтам;
- правы на трансьляцыю пэўных музычных і спартовых імпрэзаў;
- юрыдычная, тэхнічная і дасьледчая экспэртыза;
- паслугі па абароне інтарэсаў.
У канцы траўня Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз прыпыніў сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі і даў два тыдні для афіцыйнага адказу.
«У апошнія тыдні нас асабліва ўстрывожыла трансьляцыя інтэрвію, відавочна атрыманых пад прымусам. Мы таксама адсочвалі іншыя перадачы Белтэлерадыёкампаніі ў гэтым пытаньні, якія выклікаюць сурʼёзныя і надзвычай істотныя асьцярогі. У сьвятле гэтых выключных падзей у Выканаўчай рады няма іншай альтэрнатывы, акрамя як прапанаваць прыпыніць сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў EBU», — гаварылася ў прэс-рэлізе EBU.
Раней Беларускі фонд культурнай салідарнасьці распачаў кампанію за выключэньне Белтэлерадыёкампаніі з Эўрапейскага трансьляцыйнага зьвязу і пазбаўленьне яе права на трансьляцыі і ўдзел вяшчальніка ў «Эўравізіі». Такі ліст кіраўнік фонду Сяргей Будкін накіраваў у офіс EBU, што месьціцца ў Жэнэве. Зварот падтрымаў і кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, які ў сваім лісьце абгрунтаваў мэтазгоднасьць выключэньня, спасылаючыся на статут зьвязу і яго этычны кодэкс.
11 сакавіка Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз паведаміў Белтэлерадыёкампаніі, што песьня «Я навучу цябе» гурту «Галасы ЗМеста» ня можа прадстаўляць Беларусь у конкурсе «Эўравізія-2021», бо ставіць пад сумнеў непалітычны характар конкурсу. Беларусь пазбавілі права ўдзельнічаць у сёлетняй «Эўравізіі». Песеннага конкурсу ў Беларусі не паказвалі.
У красавіку Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз накіраваў у Белтэлерадыёкампанію ліст з патрабаваньнем даць тлумачэньні ў адказ на абвінавачаньні ў датычнасьці дзяржаўнай тэлевізіі да катаваньняў. EBU вывучыў пададзенае НАК відэа (урывак перадачы БТ, у якім Мікалай Дзядок са сьлядамі пабіцьця на фоне чырвона-зялёнага сьцяга каецца ў тым, што асьмеліўся выступіць супраць улады Лукашэнкі).
Спыніць сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі праз саўдзел у рэпрэсіях у Беларусі таксама патрабавалі швэдзкія дэпутаты і Літва.
Пазьней Белтэлерадыёкампанія ў сваім тэлеграм-канале заявіла, што афіцыйна не атрымлівала ніякіх апавяшчэньняў ад EBU, хоць з тэкстам, разьмешчаным на сайце, там знаёмыя. БТ заявіла, што «няма ніякіх падставаў для таго, каб выстаўляць нам абвінавачваньні... У краіне праходзяць самыя розныя падзеі, і наша задача — пра іх расказаць гледачам і слухачам... Што тычыцца стратаў Белтэлерадыёкампаніі ад магчымага выключэньня з Эўрапейскага трансьляцыйнага зьвязу, то яны вылічаюцца эканоміяй сродкаў беларускага бюджэту памерам некалькі мільёнаў даляраў у год».