Адна зь фіналістаў нацыянальнага адбору на дзіцячую «Эўравізію» Марыя Ермакова хоча прадставіць Беларусь песьняй «Вятры», але ня можа сама выбраць, якую вэрсію сьпяваць: расейскую ці беларускую. Выбар даверылі інтэрнэт-галасаваньню на Tut.by.
Песьню спачатку прэзэнтавалі па-расейску, калі Марыя Ермакова (фіналістка ўкраінскага праекту «Голос. Діти» і ўдзельніца «Детской новой волны» ў Расеі) праходзіла праслухоўваньне на нацыянальны адбор, але затым яе пераклалі на беларускую, польскую і ўкраінскую мовы. Беларускую вэрсію паказалі на фэсьце Symbal.by у Менску.
Мэнэджэр сьпявачкі кажа, што пасьля прэзэнтацыі беларускай вэрсіі «пачала прыходзіць вялікая колькасьць камэнтароў і паведамленьняў у сацыяльных сетках, што на нацыянальнай мове „Вятры“ гучаць ня горш, а бадай нават лепей».
На момант публікацыі за беларускую вэрсію прагаласавалі 85% карыстальнікаў, вынікі падсумуюць 5 верасьня.
Конкурс дзіцячай «Эўравізіі-2019» пройдзе 24 лістапада ў Польшчы.
Канчатковы адбор прадстаўніка ад Беларусі пройдзе 20 верасьня, выбар зробяць па выніках галасаваньня прафэсійнага журы і тэлегледачоў. На ўдзел у конкурсе, акрамя Марыі Ермаковай, прэтэндуюць яшчэ 9 канкурсантаў. У двух зь іх песьні па-ангельску, у шасьцёх — па-расейску, яшчэ адна канкурсантка, Марыя Жыліна зь Менску, мае беларускамоўную песню «Сьпявала, гукала, чакала».
Прадстаўнікі Беларусі двойчы перамагалі на дзіцячай «Эўравізіі»: у 2005 — Ксенія Сітнік зь песьняй «Мы вместе», у 2007-ым — Аляксей Жыгалковіч «С друзьями», абедзьве песьні былі на па-расейску. Найлепшы вынік зь беларускамоўнай песьняй быў у 2003 годзе — тады Вольга Сацюк сьпявала песьню «Танцуй» і заняла 4-е месца.