Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы ўвёў рэжым надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларусьсю


Мігранты на польска-беларускай мяжы каля вёскі Горны Уснар
Мігранты на польска-беларускай мяжы каля вёскі Горны Уснар

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда 2 верасьня прыняў рашэньне аб увядзеньні рэжыму надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларусьсю.

Пра гэта паведаміў Блажэй Спыхальскі, прэсавы прадстаўнік прэзыдэнта Анджэя Дуды.

Рэжым надзвычайнага становішча пачаў дзейнічаць з моманту падпісаньня адпаведнага ўказу прэзыдэнтам. Указ будзе разглядацца польскім Сэймам, які мае права яго скасаваць.

У адпаведнасьці з указам аб надзвычайным становішчы ў 183 памежных паселішчах Падляскага і Люблінскага ваяводзтваў забараняюцца ўсялякія масавыя мерапрыемствы. У гэтыя паселішчы ня могуць уехаць людзі, якія ў іх не жывуць, — забарона датычыць і журналістаў. Тым, хто парушыць забарону на ўезд, пагражае штраф або арышт, залежна ад судовага рашэньня.

Раней на гэтым тыдні кіраўнік ураду Польшчы Матэвуш Маравецкі зьвярнуўся да прэзыдэнта Анджэя Дуды з просьбай увесьці рэжым надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларусьсю праз складаную сытуацыю зь мігрантамі.

«Мы павінны спыніць гэтыя агрэсіўныя гібрыдныя дзеяньні, якія адбываюцца паводле сцэнару, напісанага ў Менску і ў заступнікаў спадара Лукашэнкі», — заявіў Маравецкі.

Ужо больш за тры тыдні каля 30 грамадзян Афганістану знаходзяцца на памежнай паласе паміж Польшчай і Беларусьсю, паблізу вёскі Горны Уснар, акружаныя вайскоўцамі абедзьвюх краін. У іх няма пастаяннага доступу да ежы, некаторыя зь мігрантаў захварэлі. Польскія пратэстоўцы і актывісты, якія змагаюцца за правы чалавека, спрабуюць дапамагчы мігрантам, заблякаваным на мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG