Польскія памежнікі паведамілі пра 130 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы. 40 нерэгулярных мігрантаў затрымалі, 90 — разьвярнулі назад у Беларусь. (Днём раней такіх спробаў было 55).
14 сырыйцаў, якія перайшлі мяжу, чакаў на польскім боку іхны сваяк зь відам на жыхарства ў Швэцыі. Ён прыехаў на аўтобусе, каб іх вывезьці. Яго таксама затрымалі.
Паводле польскай памежнай службы, беларускія памежнікі рэгулярна перадаюць ежу і напоі мігрантам, якія знаходзяцца на мяжы.
Усяго з пачатку жніўня перасекчы беларуска-польскую мяжу незаконна спрабавалі больш за 3 тысячы разоў.
У Літве спынілі 50 спробаў перасячэньня мяжы зь Беларусі па-за пунктамі пропуску, паведаміў Delfi (днём раней было 80). Нікога не затрымалі. Інцыдэнты зафіксавалі ў Ігналінскім, Аранскім і Салечніцкім раёнах.
Яшчэ некалькі групаў мігрантаў літоўскія памежнікі заўважылі ў прымежнай зоне, але тыя не спрабавалі перайсьці мяжу. Літоўскія памежнікі ўключаюць для такіх групаў аўдыёзапісы з папярэджаньнем на арабскай, курдзкай, ангельскай, францускай і расейскай мовах.
З пачатку году беларуска-літоўскую мяжу перасеклі больш за 4,1 тысячы нерэгулярных мігрантаў. Колькасьць прадухіленых спробаў пераходу мяжы ўлады Літвы не паведамляюць.
Літва і Польшча заявілі пра пачатак будоўлі сьцяны на мяжы зь Беларусьсю.
Латвійскія памежнікі 27 жніўня не далі парушыць мяжу 24 мігрантам зь Беларусі. Нікога не затрымалі.
Усяго з 10 жніўня ў Латвіі разьвярнулі на мяжы 707 нелегальных мігрантаў, 377 чалавек затрымалі і 25 прапусьцілі з гуманітарных прычынаў.
Беларускі памежны камітэт у суботу абвінаваціў памежнікаў Літвы ў дастаўцы ўцекачоў да беларускай мяжы на транспарце. На апублікаваным відэа людзі выходзяць зь мікрааўтобуса каля шлягбаўма і праз кароткі час заходзяць у яго зноў і зьяжджаюць. Голас за кадрам рапартуе пра спробу парушэньня мяжы.