Дзяржаўная памежная служба Літвы апублікавала відэа, на якім відаць, што беларускія сілавікі са шчытамі гоняць групу мігрантаў, змушаючы перайсьці мяжу і трапіць у Літву.
Памежнікі Літвы чарговы раз заявілі, што не прымяняюць сілу да мігрантаў, адзначыўшы, што гэтым займаюцца якраз беларускія памежнікі, што відаць і на відэа. Група з 13 мігрантаў адмовілася парушаць дзяржаўную мяжу Літвы і плянавала вярнуцца зь Беларусі ў свае краіны, аднак беларускія сілавікі сталі выціскаць іх у бок мяжы з Эўразьвязам.
Адзначаецца, што Дзяржаўная памежная служба забясьпечвала мігрантаў ежай і пітвом, а цяпер група знаходзіцца на беларускім баку, не перасякаючы мяжы.
Памежны камітэт Беларусі: «Сілу ў дачыненьні да ўцекачоў не ўжывалі»
У Памежным камітэце Беларусі, камэнтуючы відэа, заявілі, што здарэньне адбылося на мінулым тыдні і ў дачыненьні да ўцекачоў не ўжывалі фізычную сілу. Паводле ведамства, літоўскія сілавікі даставілі мігрантаў да мяжы і спрабавалі выцесьніць іх у Беларусь, але мігранты «ня рухаліся ў Беларусь нават пры адсутнасьці беларускіх памежнікаў».
«Зь відэа зразумела, што фізычная сіла ў дачыненьні да ўцекачоў беларускім бокам не ўжывалася. Група замежнікаў знаходзілася на лініі мяжы каля 8 дзён, пасьля чаго прайшла углыб тэрыторыі Літвы», — паведамляе Памежны камітэт Беларусі.
Міністар абароны Латвіі: «Гібрыдная атака мігрантамі супадае з вайсковымі вучэньнямі»
Міністар абароны Латвіі Арціс Пабрыкс на сустрэчы міністраў абароны краінаў Эўразвязу заявіў, што варта задумацца пра Беларусь і скаардынаваць дзеяньні Эўразвязу ў гэтым пытаньні, а таксама падтрымаць новыя санкцыі.
«Цяпер справа не ва ўцекачах, і мэдыя мусяць прысьвячаць гэтаму больш увагі. Бо цяпер усе глядзяць на Афганістан, але тое, што адбываецца ў Беларусі — гібрыдная атака, дзе дзяржава выкрадае людзей, ставіць ім візу і выштурхоўвае ў памежную зону. Вось што цяпер робіць Беларусь. І гэта вельмі небясьпечна, бо адначасова адбываюцца вучэньні „Захад-2021“, яны сутыкаюцца ў тым самым месцы на межах Эўразвязу» — сказаў Пабрыкс.
Раней Латвія, як і Польшча зь Літвой, узмацніла патруляваньне сваёй мяжы зь Беларусьсю. Кіраўнікі краінаў вінавацяць асабіста Лукашэнку ў нагнятаньні міграцыйнага крызісу і патрабуюць ад Бруселю больш моцнай рэакцыі на такія дзеяньні.
Спробы перасячэньня мяжы за 1 верасьня
1 верасьня польскія памежнікі прадухілілі 93 спробы незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Польшчы, затрымалі 17 мігрантаў і двух мужчын за дапамогу ў нелегальным перасячэньні мяжы. Латвійскія памежнікі спынілі 18 спробаў. Літоўскія — амаль 20.
Напярэдадні органы бясьпекі Нямеччыны апублікавалі даклад, у які ўключылі інфармацыю пра нелегальную міграцыю ў краіну. Высьветлілася, што як найменей 250 мігрантаў трапілі на нямецкую тэрыторыю незаконна транзытам празь Беларусь.